Малітва павінна быць настойлівай і ўтрымліваць успамін пра братоў, нагадаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 22 мая на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, у заключнай катэхезе з цыклу, прысвечанага малітве «Ойча наш», Пантыфік заўважыў, што ў аснове хрысціянскай малітвы знаходзіцца мужнасць казаць Богу «Ойча».
«Гаворка ідзе не столькі пра пэўную формулу, колькі пра сыноўскую блізкасць, у якую мы былі ўведзены праз ласку: Езус паказвае нам Айца і дорыць нам блізкасць з Ім. Езус не пакідае нам формулу, якую мы павінны паўтараць машынальна. Тут, і ва ўсялякай вуснай малітве, Божым словам Святы Дух вучыць Божых дзяцей маліцца да іх Айца», — нагадаў Папа словы Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.
«Езус сам выкарыстоўваў розныя выразы, каб маліцца да Айца. Калі мы ўважліва пачытаем Евангелле, убачым, што словы малітвы, якія сыходзяць з вуснаў Езуса, нагадваюць тэкст малітвы “Ойча наш”», — дадаў ён.
Святы Айцец прыгадаў, як падчас малітвы ў Гетсэманскім садзе Езус казаў: «Абба, Ойча! Ты ўсё можаш. Адхілі ад Мяне гэты келіх; але не чаго Я хачу, а чаго Ты» (Мк 14, 36). «Як не распазнаць у гэтай малітве, хоць і такой кароткай, след малітвы “Ойча наш”? Пасярод цемры Езус, з сыноўскім даверам кажа Айцу “Абба”, і нават адчуваючы страх і трывогу, просіць, каб споўнілася Яго воля», — дадаў Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што малітва павінна быць настойлівай і ўтрымліваць успамін пра братоў, асабліва калі перажываем складаныя адносіны з імі.
«Езус кажа: “І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце супраць каго-небудзь, каб і Айцец ваш, які ў нябёсах, дараваў вам правіны вашыя” (Мк 11, 25). Як не распазнаць у гэтых словах падабенства з малітвай “Ойча наш”?» — спытаў ён.
Пантыфік зазначыў, што ў працах св. Паўла няма тэксту малітвы «Ойча наш», але яе прысутнасць выяўляецца ў тым «цудоўным абагульненні», дзе малітва хрысціяніна зводзіцца толькі да аднаго слова: «Абба! Тата!» (пар. Рым 8, 15; Гал 4, 6).
«Калі разглядаем Новы Запавет у цэлым, выразна бачна, што галоўная дзеючая асоба кожнай хрысціянскай малітвы — гэта Святы Дух. Не будзем забываць пра гэта: галоўная дзеючая асоба кожнай хрысціянскай малітвы — гэта Святы Дух.
Мы ніколі не зможам маліцца без сілы Святога Духа. Гэта Ён моліцца ў нас і дапамагае маліцца добра. Мы можам прасіць Духа, каб навучыў нас маліцца, бо гэта Ён чыніць сапраўдную малітву ў нас. Ён дыхае ў сэрцы кожнага з нас, у сэрцы кожнага вучня Езуса. Дух робіць нас здольнымі маліцца як Божыя дзеці, якімі мы насамрэч з’яўляемся ў сілу хросту», — сцвердзіў Папа.
«Дух дазваляе нам маліцца ў “баразне”, якую для нас праклаў Езус. У гэтым таямніца хрысціянскай малітвы: праз ласку мы ўведзены ў гэты дыялог любові Найсвяцейшай Тройцы», — дадаў ён.
Папа заўважыў, што часам Езус выкарыстоўваў словы, якія, безумоўна, вельмі далёкія ад тэксту малітвы «Ойча наш». Ён нагадаў пра словы з Псальма 22, якія Хрыстус прамовіў з крыжа: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мц 27, 46). «Нават у гэтым трывожным крыку застаюцца словы: “Божа мой, Божа мой”. У гэтым “мой” заключана сутнасць адносін з Айцом, сутнасць веры і малітвы», — падкрэсліў Пантыфік.
«Вось чаму, пачынаючы ад гэтай сутнасці, хрысціянін можа маліцца ў кожнай сітуацыі. Ён можа ўзяць усе малітвы з Бібліі, асабліва Псальмаў; але можа таксама маліцца іншымі словамі, якія на працягу тысячагоддзяў гісторыі выліваліся з сэрцаў людзей.
Не будзем жа пераставаць распавядаць Айцу пра нашых братоў і сясцёр у чалавецтве, каб ніхто з іх, асабліва бедныя, не застаўся без суцяшэння і часцінкі любові», — заклікаў Папа.
Сваю катэхезу Пантыфік завяршыў словамі малітвы Езуса: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям» (Лк 10, 21). «Каб маліцца, мы павінны стаць дзецьмі, каб Святы Дух увайшоў у нас і вёў нас у малітве», — сказаў Папа.