Пошук

21.01.2019 10:19   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота. MobilityArena.com

Святы Айцец стварыў профіль у малітоўнай сацыяльнай сетцы Click to pray (англ. «Клікні, каб памаліцца») і падчас малітвы «Анёл Панскі» 20 студзеня заклікаў вернікаў далучыцца да гэтай ініцыятывы.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, Папа распавёў, што на гэтым тыдні будзе абнародавана пасланне на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі, у якім сёлета будзе прадстаўлена «разважанне аб сеткавых суполках і чалавечай супольнасці».

«Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі — гэта рэсурс нашага часу, магчымасць быць у кантакце з іншымі, каб дзяліцца каштоўнасцямі і задумамі, каб выражаць жаданне стварэння супольнасці. Сеціва можа дапамагчы нам таксама маліцца разам», — адзначыў Пантыфік.

У сувязі з гэтым ён прадставіў афіцыйную платформу сусветнай сеткі малітвы Папы пад назвай Click to pray. На ёй будуць размяшчацца малітоўныя інтэнцыі і просьбы Святога Айца.

«Запрашаю перадусім моладзь спампаваць дадатак Click To Pray, працягваючы маліцца разам са мной Ружанец у інтэнцыі міру, асабліва падчас Сусветных дзён моладзі ў Панаме», — заклікаў папа Францішак.

Малітоўны дадатак Click To Pray даступны як для сістэмы Android, так і для iOS. У ім тры галоўныя раздзелы. Першы, які называецца «Маліся з Папам», утрымлівае штомесячныя малітоўныя інтэнцыі Святога Айца. Другі раздзел — «Маліся штодзённа» — пакліканы стымуляваць да штодзённай малітвы. Трэці пад назваю «Маліся ў сеціве» з’яўляецца прасторай, дзе карыстальнікі дадатку могуць размяшчаць свае малітоўныя просьбы, каб маліцца адно за аднаго.

Абноўлена 21.01.2019 13:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.