Пошук

09.01.2019 17:05   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйная выява / ldsblogs.com

Малітва заўсёды перамяняе рэчаіснасць: нават калі не змяняюцца рэчы вакол нас, змяняемся мы і нашы сэрцы, падкрэсліў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі 9 студзеня.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя партала Vatican News, працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаных малітве «Ойча наш», Пантыфік звярнуўся да Евангелля паводле св. Лукі, у якім часта вакол Езуса пануе малітоўная атмасфера. Менавіта тут змешчаны тры гімны, якія штодзённа гучаць у малітве Касцёла: Benedictus (песня Захарыі), Magnificat (песня Марыі) і Nunc dimittis (песня Сімяона).

Папа Францішак заўважыў, што Езус шмат маліўся.

«Кожны жыццёвы крок Езуса нібыта суправаджаецца Святым Духам, які кіруе Ім ва ўсіх дзеяннях. Езус моліцца падчас хросту ў Ярдане, размаўляе з Айцом перад тым, як прыняць самыя важныя рашэнні, часта ўцякае, каб памаліцца ў самотнасці, заступаецца за Пятра, які хутка ад Яго адрачэцца: „Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу, але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера“.

Гэта дае суцяшэнне: ведаць, што Езус моліцца за нас, моліцца за мяне, за кожнага з нас, каб наша вера не аслабла», — заўважыў Святы Айцец.

Ён падкрэсліў, што таксама і смерць Месіі была прасякнута атмасферай малітвы і супакою: Езус суцяшаў жанчын, маліўся за сваіх забойцаў, абяцаў рай добраму злачынцу, а калі паміраў, сказаў словы з псальму: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (пар. Лк 23, 46).

«Здаецца, што малітва Езуса змякчае самыя гвалтоўныя эмоцыі, жаданне помсты і адплаты, прымірае чалавека з яго самым злым ворагам, якім з’яўляецца смерць», — дадаў Пантыфік.

Калі вучні прасілі Езуса, каб навучыў іх маліцца, Ён патлумачыў, з якімі словамі і пачуццямі яны павінны звяртацца да Бога. У першую чаргу Ён заклікаў называць Бога «Ойча».

Акрамя таго, Хрыстус вучыць, што малітва павінна быць настойлівай, як у прыпавесці пра чалавека, што прыйшоў да свайго сябра ноччу папрасіць хлеба. Потым Ён прыводзіць прыклад бацькі, які мае галоднага сына: «Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю?» (пар. Лк 11, 11).

«Гэтымі словамі Езус дае зразумець, што Бог адказвае заўсёды, што ніводная малітва не застаецца нявыслуханай. Чаму? Таму што Ён — Айцец, які не забываецца пра сваіх дзяцей, якія пакутуюць», — дадаў Папа.

«Вядома, гэтыя словы становяцца для нас выпрабаваннем, бо нашыя шматлікія малітвы, здаецца, не прыносяць ніякага плёну. Колькі разоў мы прасілі і не атрымалі, стукалі і бачылі зачыненыя дзверы. Мы ўсе сустракаліся з гэтым. Езус раіць нам быць настойлівымі ў такія моманты і не скарацца.

Малітва заўсёды змяняе рэчаіснасць, заўсёды. Нават калі не змяняюцца рэчы вакол нас, прынамсі змяняемся мы, змяняецца наша сэрца.

Езус абяцае дар Святога Духа кожнаму чалавеку, які моліцца», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Пантыфік заклікаў вернікаў быць упэўненымі, што Бог абавязкова адкажа на іх малітвы.

«Адзіная няўпэўненасць датычыцца часу, але не варта сумнявацца ў тым, што Ён адкажа. Магчыма, спатрэбіцца быць настойлівымі ўсё жыццё, але Ён адкажа. Ён паабяцаў гэта: Ён не як бацька, што дае змяю замест рыбы.

Няма нічога больш надзейнага: жаданне шчасця, якое ўсе мы носім у сэрцы, аднойчы споўніцца.

Езус кажа: „Ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч?“ (пар. Лк 18, 7). Так, Ён учыніць справядлівасць, выслухае нас!» — запэўніў папа Францішак.

Малітва азначае перамогу над самотнасцю і роспаччу, а ў канцы нашага малітоўнага і жыццёвага шляху заўсёды знаходзіцца Айцец, які чакае ўсё і ўсіх з распасцёртымі рукамі, заўважыў на заканчэнне сваёй катэхезы Пантыфік.

Абноўлена 09.01.2019 18:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця