Пошук

12.12.2018 18:51   Паводле: Vatican News
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Пан заклікае маліцца да Яго, нягледзячы на нашыя сарамлівасць і страх, падкрэсліў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі 12 снежня, на якой працягнуў цыкл катэхезаў пра малітву «Ойча наш».

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, папа Францішак пры гэтым адзначыў:

«Езус укладае ў вусны сваіх вучняў малітву кароткую, але смелую, якая складаецца з сямі просьбаў. Гэта лічба невыпадковая ў Бібліі: яна азначае паўнату. Я сказаў смелую, таму што, калі б яе не прапанаваў Езус, напэўна, ніхто з нас — і нават самыя славутыя тэолагі, — не адважыўся б маліцца да Бога такім чынам».

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што ў малітве Панскай няма прадмовы. Езус не вучыць нас формулам, але заклікае маліцца да Бога, «ламаючы ўсе бар’еры сарамлівасці і страху». Ён не кажа звяртацца да Яго «Усемагутны», «Найвышэйшы», ужываць іншыя тытулы, але проста «Ойча», што выражае блізкасць і сыноўскі давер, зазначыў Папа.

Ён таксама падкрэсліў, што малітва «Ойча наш» заснаваная на рэчаіснасці чалавека.

«Так, у ёй скіроўваецца просьба аб хлебе, хлебе штодзённым: гэтая просьба простая, але вельмі важная, якая пацвярджае, што вера — гэта не „дэкаратыўная“, адарваная ад жыцця справа, якая ўзнікае, калі ўсе іншыя патрэбы задаволеныя», — сказаў Пантыфік.

«Малітва, як вучыць Езус, не пачынаецца ў жыцці чалавека пасля таго, як ён напоўніў страўнік: яна ўзнікае там, дзе ёсць чалавек, любы чалавек, які адчувае голад, які плача, які змагаецца, які пакутуе і пытаецца: „чаму?“», — дадаў ён.

«У пэўным сэнсе, нашай першая малітвай быў наш першы крык, які суправаджаў першы ўдых. У гэтым плачы нованароджанага быў абвешчаны лёс усяго нашага жыцця: наш пастаянны голад, наша пастаянная смага, наш пошук шчасця», — адзначыў папа Францішак.

Паводле яго, Езус не хоча зрабіць чалавека неадчувальным; не хоча, каб мы адмовіліся ад пытанняў і просьбаў і навучыліся зносіць усё. Замест гэтага Ён жадае, каб кожная пакута і трывога скіроўваліся да Неба і станавіліся дыялогам.

«Мець веру значыць прызвычаіцца заклікаць», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Святы Айцец узгадаў гісторыю евангельскага Бартымея, сляпога чалавека, які прасіў міласціну каля гарадской брамы Ерыхона. Вакол яго было шмат людзей, якія загадвалі яму не турбаваць Езуса сваімі «надакучлівымі просьбамі». Але ён не слухаў іх і крычаў яшчэ мацней, бо «са святой упартасцю» хацеў, каб яго «мізэрны стан мог нарэшце сустрэцца з Езусам».

«Езус вярнуў яму зрок і сказаў: „Вера твая ўратавала цябе“, амаль тлумачачы, што вызначальнай для яго аздараўлення стала гэтая малітва, гэтыя словы, якія ён пракрычаў з верай, што было мацнейшым за „здаровы сэнс“ многіх людзей, якія хацелі, каб ён змоўк», — заўважыў Святы Айцец.

«Малітва не толькі папярэднічае збаўленню, але пэўным чынам ужо яго ўтрымлівае, бо вызваляе ад адчаю, уласцівага тым, хто не верыць у выйсце са шматлікіх нязносных сітуацый», — дадаў ён.

Папа падкрэсліў, што вернікі адчуваюць таксама патрэбу ў праслаўленні Бога, а першыя хрысціяне нават дадавалі да малітвы «Ойча наш» даксалогію: «Бо Тваё валадарства, моц і хвала навекі».

«Але ніхто з нас не павінен прытрымлівацца тэорыі, якую хтосьці вынайшаў у мінулым, што, нібыта, малітва просьбы з’яўляецца формай слабой веры, а самае сапраўднае — гэта чыстае праслаўленне, пошук Бога без абцяжарання Яго нашымі просьбамі. Гэта няпраўда! Малітва просьбы — сапраўдная. Яна спантанная! Гэта акт веры ў Бога, які з’яўляецца Айцом, добрым і ўсемагутным. Гэта акт веры ў тое, што я з’яўляюся малым, грэшным, знаходжуся ў патрэбе. Таму малітва, у якой просім штосьці, вельмі высакародная», — сцвердзіў папа Францішак.

Ён таксама нагадаў, што Бог мае бясконцую спагаду да людзей і хоча, каб Яго дзеці размаўлялі з Ім без страху.

«Таму мы можам распавесці Яму пра ўсё, нават пра тое, што ў нашым жыцці застаецца скажоным і незразумелым. І Ён паабяцаў нам, што будзе з намі заўсёды, аж да апошняга дня, які правядзем на гэтай зямлі», — сказаў Пантыфік на заканчэнне катэхезы.

Абноўлена 12.12.2018 23:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.