Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 7 лістапада прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, папа Францішак, працягваючы цыкл катэхез аб Дэкалогу, патлумачыў значэнне сёмай запаведзі: «Не крадзі».
Ён заўважыў, што не існуе такой культуры, якая б лічыла крадзеж законным, бо чалавечая натура вельмі ўспрымальная да абароны маёмасці.
У той жа час Святы Айцец заклікаў паглядзець на сёмую запаведзь у больш шырокай перспектыве, разглядаючы тэму валодання ўласнасцю ў святле хрысціянскай мудрасці. Ён нагадаў, што прынцыпам сацыяльнага вучэння Касцёла з’яўляецца ўсеагульнае прызначэнне права валодання дабротамі.
Спасылаючыся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, Папа зазначыў, што Бог даручыў зямлю з яе багаццямі ўсяму чалавецтву, каб сумесна клапацілася пра яе, падпарадкоўвала праз сваю працу і карысталася яе пладамі. «Паўсюднае прызначэнне дабротаў застаецца прыярытэтным, нават спрыянне агульнаму дабру патрабуе павагі да прыватнай уласнасці, права на яе і карыстання ёю», — дадаў Пантыфік.
Папа перакананы, што паводле Божай задумы свет не павінен быць падзелены на «лігі», а адметнасці і розныя ўмовы жыцця існуюць, каб людзі маглі клапаціцца адно пра аднаго.
«Свет мае багата рэсурсаў, каб забяспечыць элементарныя патрэбы ўсіх. Аднак многія людзі жывуць у стане абуральнай нястачы, а рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца без крытэрыяў, марнуюцца. Але свет — адзіны! Чалавецтва — адзінае!» — падкрэсліў Святы Айцец.
«Голад існуе на зямлі не таму, што не хапае ежы! Больш за тое, дзеля патрэбаў рынку яе часам знішчаюць, выкідаюць. Тое, чаго не хапае, — гэта свабоднага і дальнабачнага прадпрымальніцтва, якое магло б забяспечыць належную вытворчасць, а таксама сацыяльнай пазіцыі, якая б гарантавала справядлівае размеркаванне. Катэхізіс кажа яшчэ: “Чалавек, карыстаючыся гэтымі дабротамі, павінен разглядаць рэчы, якімі ён законна валодае, як тыя, што належаць не толькі яму, але і супольнасці, у тым сэнсе, што яны павінны ісці на карысць не выключна яму аднаму, але і іншым. Любога роду багацце, каб быць добрым, павінна мець сацыяльнае вымярэнне”», — звярнуў увагу папа Францішак.
У такой перспектыве выяўляецца станоўчае і шырокае значэнне запаведзі «Не крадзі». «Кожная з дабротаў робіць яе ўласніка распарадчыкам Провіду», — лічыць Папа.
«Валоданне ўласнасцю — гэта адказнасць, (...) і кожная з дабротаў, выключаная з логікі Божага Провіду, з’яўляецца здрадай яе самаму глыбокаму сэнсу. Валодаю па-сапраўднаму тым, што магу дарыць (...). Сапраўды, калі не магу падарыць штосьці, дык гэта таму, што гэтая рэч валодае мною, мае ўладу нада мною, а я застаюся яе нявольнікам», — падкрэсліў Пантыфік.
«Валоданне дабротамі — гэта нагода, каб творча памнажаць іх, карыстацца са шчодрасцю і, такім чынам, узрастаць у любові і свабодзе», — дадаў ён.
Папа нагадаў, што Езус «не палічыў патрэбным быць нароўні з Богам», але выракся самога сябе і «ўзбагаціў нас сваёю беднасцю». У той час, як чалавецтва імкнецца «мець больш», Бог прынёс яму свабоду, стаўшы бедным. «Тое, што робіць нас багатымі, — гэта не матэрыяльныя каштоўнасці, а любоў», — сцвердзіў Святы Айцец.
«Дарагія браты і сёстры, яшчэ раз Езус Хрыстус адкрывае нам поўны сэнс Святога Пісання. “Не крадзі” — значыць любі з дапамогай тваіх дабротаў, карыстайся сваімі сродкамі, каб любіць, як можаш. Тады тваё жыццё стане добрым, а валоданне ўласнасцю па-сапраўднаму будзе дарам, бо жыццё — гэта час не для таго, каб валодаць, але каб любіць»,
— падкрэсліў Папа.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 9 лістапада ў Каталіцкім Касцёле будзе адзначацца свята гадавіны пасвячэння Латэранскай базылікі, якая з’яўляецца катэдрай Біскупа Рыма. Святы Айцец заклікаў вернікаў маліцца за яго, каб ён заўсёды мог умацоўваць братоў у веры.