Раніцай 25 кастрычніка ўдзельнікі Сіноду Біскупаў разам з моладдзю з рымскіх парафій здзейснілі пешую пілігрымку да катэдры св. Пятра.
Як паведамляецца, пілігрымка аб’яднала на супольным шляху да канфесіі — месца пахавання — св. апостала Пятра каля 300 удзельнікаў, сярод якіх 192 Айцы Сіноду, у тым ліку 101 біскуп, 9 кардыналаў, 82 аўдытары і свецкія эксперты, а таксама каля сотні юнакоў і дзяўчат з Рымскай дыяцэзіі.
Пілігрымы прайшлі каля шасці кіламетраў ад паўночнай часткі Вечнага горада да ватыканскай базылікі. Маршрут пралягаў па старажытнай «Дарозе франкаў» (лац. Via Francigena) — адным з самых папулярных у сярэднявечнай Еўропе пілігрымкавым шляху, які браў свой пачатак ад Кентэрберыйскай катэдры ў Англіі і завяршаўся ў Рыме.
У пілігрымцы браў удзел дэлегат ад Касцёла ў Беларусі на XV Звычайнай Асамблеі Сіноду Біскупаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Дзелячыся ўражаннямі ад пілігрымкі, беларускі іерарх, у прыватнасці, паведаміў Catholic.by:
«Шырыня гэтай так званай „Дарогі франкаў“ змяняецца ад 2–3 метраў да аднаго, так што часам пілігрымы павінны былі ісці гужам. Камяні старажытнага бруку дзе-нідзе захаваліся яшчэ з рымскіх часоў.
На сваім шляху пілігрымы падняліся на ўзгорак вышынёй 139 метраў. У Сярэднявеччы яго называлі гарой Радасці (Mons Gaudii), бо з яго адкрываецца велічны від базылікі св. Пятра.
У пілігрымцы былі тры малітоўныя прыпынкі, падчас якіх чыталіся адпаведныя разважанні.
На першым прыпынку разважалі пра духоўнае значэнне пілігрымкі на падставе Евангелля пра вучняў з Эмаўс. На другім разважалі пра Рым як горад Пятра і Паўла, дзе яны далі сведчанне вернасці Хрысту сваёй мучаніцкай смерцю. На трэцім, які адбыўся на плошчы святога Пятра, разважалі пра святых, якія яднаюць неба і зямлю і паказваюць дарогу да вечнага шчасця.
Акрамя таго, падчас пілігрымкі яе ўдзельнікі спявалі рэлігійныя песні і маліліся Ружанец», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У базыліцы св. Пятра пілігрымы прынялі ўдзел у Эўхарыстыі, якую ўзначаліў Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў кардынал Ларэнцо Балдзісэры. Гамілію прамовіў арцыбіскуп Рыно Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі. У гаміліі ватыканскі іерарх нагадаў пра значэнне паклікання і місіі св. Пятра.
Мы вызнаем боскасць Езуса так, як вызнаў яе Пётр, хоць мы таксама слабыя і можам адрачыся ад Езуса, як учыніў Пётр, але павінны па яго прыкладу вярнуцца да Хрыста і сказаць, што Яго любім.
У гэтым павінна праяўляцца наша хрысціянства і вера, падкрэсліў арцыбіскуп Фізікела.
Разам з біскупамі і моладдзю маліўся таксама папа Францішак.