Папа Францішак заклікае вернікаў і ўсіх людзей добрай волі прысвяціць кастрычнік малітве за кансэкраваных асобаў. Сваю малітоўную інтэнцыю на бягучы месяц ён агучыў з дапамогай адмысловага відэазвароту.
«Кансэкраваныя асобы вельмі важныя для місіі Касцёла з іх малітвай, беднасцю і цярплівасцю. Перад абліччам сучасных сусветных выклікаў мы як ніколі маем патрэбу ў іх поўнай адданасці абвяшчэнню Евангелля», — падкрэсліў Святы Айцец у відэароліку, які 15 кастрычніка быў распаўсюджаны Папскай сусветнай малітоўнай сеткай.
«Не дазволім пазбавіць нас місійнага энтузіязму і молімся, каб кансэкраваныя асобы абудзілі місіянерскі запал і былі прысутныя сярод бедных, адштурхнутых на ўзбочыну і тых, якія не маюць голасу», — нагадаў сваю малітоўную інтэнцыю Пантыфік.
Паводле дадзеных Папскага статыстычнага даведніка за 2017 г., у свеце налічваецца каля 190 тыс. законнікаў і 670 тыс. законніц. Важнасць іх служэння для Касцёла Пантыфік шматразова падкрэсліваў у сваіх зваротах.