Пошук

08.10.2018 08:00   Паводле: Vatican News / Фота: Vatican Media / Catholic.by

Увечары 6 кастрычніка ў ватыканскай зале Паўла VI некалькі тысяч юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у сустрэчы з Папам і іншымі ўдзельнікамі XV Звычайнай Асамблеі Сіноду Біскупаў.

Кранальныя сведчанні, спевы, артыстычныя прадстаўленні, відэазамалёўкі аб турботах, радасцях і марах сучаснай моладзі складалі галоўную частку чування, арганізаванага Кангрэгацыяй Каталіцкай Адукацыі. Маладыя людзі распавядалі пра свой досвед, звязаны з рознымі жыццёвымі сітуацыямі, вучобай, працай, пачуццямі, мінулым і распазнаннем паклікання.

Папа асабіста пажадаў сустрэцца з юнакамі і дзяўчатамі, каб іх прапановы маглі ўзбагаціць выніковы дакумент Сіноду Біскупаў, які цяпер праходзіць у Рыме. Гаворачы пра шматлікія пытанні моладзі, папа Францішак зазначыў, што адказы на іх дадуць менавіта Сінадальныя айцы, бо калі б гэта зрабіў ён, Сінод быў бы непатрэбны.

У той жа час Пантыфік даў сваім гасцям некалькі парадаў. У першую чаргу ён заклікаў моладзь пастаянна знаходзіцца ў дарозе, гледзячы наперад, а не ў люстэрка.

Важна быць юнакамі і дзяўчатамі, якія не праводзяць свой час на канапе, як 24-гадовыя пенсіянеры, сказаў Папа.

Ён параіў моладзі шукаць сябе, выходзячы насустрач дабру і прыгажосці.

Паводле Святога Айца, важнымі рэчамі з’яўляюцца шчырасць і паслядоўнасць у жыцці. Папа сказаў, што разумее крытыку ў адрас Касцёла, калі ён вучыць евангельскім благаслаўленням, а сам паддаецца «прынцападобнаму і скандальнаму клерыкалізму», які з’яўляецца найгоршым скажэннем сутнасці касцёльнага служэння.

Пантыфік зазначыў, што сапраўдная ўлада выражаецца ў тым, каб дапамагаць людзям узрастаць. Іншае разуменне ўлады — гэта праява эгаізму і жадання прыніжаць і знявольваць людзей, перакананы ён.

Святы Айцец нагадаў пра важнасць разважлівага выкарыстання сучасных сродкаў камунікацыі.

Ён падкрэсліў, што гаджэты не павінны адцягваць ад рэальнага жыцця і ад сустрэчы з канкрэтнымі людзьмі. Калі так адбываецца, трэба абмежаваць карыстанне імі.

Канкрэтнасць, паводле яго словаў, павінна выражацца таксама ў гасціннасці. Папа асудзіў папулізм, скіраваны супраць мігрантаў, і зазначыў, што гэтая папулярная сёння з’ява не мае нічога супольнага з сапраўднай культурай народа. Папулізм — гэта закрытасць, а любоў адкрывае дзверы, сказаў ён.

На заканчэнне сустрэчы Святы Айцец параіў моладзі часцей размаўляць з пажылымі людзьмі, якія з’яўляюцца каранямі, без якіх немагчыма прыносіць плёны. Дзякуючы гэтым караням моладзь, у сваю чаргу, можа стаць карэннем для іншых пакаленняў, сцвердзіў Святы Айцец.

Перад тым як пакінуць залу Паўла VI, Пантыфік атрымаў ад моладзі спіс пытанняў, якія перадасць айцам Сіноду.

Абноўлена 08.10.2018 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.