3 кастрычніка папа Францішак узначаліў св. Імшу на распачацце ХV Звычайнай Асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Ён будзе праходзіць на працягу бліжэйшых трох тыдняў.
Эўхарыстыя цэлебравалася на галоўнай ватыканскай плошчы пры ўдзеле некалькіх дзесяткаў тысяч вернікаў з розных частак свету. Разам са Святым Айцом маліліся 266 айцоў Сіноду — біскупаў, якія бяруць у ім удзел.
«Намашчаныя надзеяй, мы пачынаем новую касцёльную сустрэчу, здольную пашырыць гарызонты, узбагаціць сэрцы і змяніць тыя структуры, якія нас сёння паралізуюць, аддзяляюць і аддаляюць ад моладзі, пакідаючы яе перад абліччам неспрыяльных умоў, пазбаўляючы супольнасці веры, якая іх падтрымае, без перспектывы сэнсу і жыцця», — сказаў Папа ў сваёй гаміліі.
Пантыфік звярнуў увагу на словы з Евангелля паводле св. Яна: «Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам» (пар. Ян 14, 26). Ён падкрэсліў, што такім чынам Езус запэўнівае сваіх вучняў у тым, што будзе суправаджаць іх падчас выканання даручанай ім місіі.
«Няхай Дух Святы дасць нам ласку быць Сінадальнымі айцамі, намашчанымі дарам мараў і надзеі, каб маглі, са свайго боку, намашчаць нашую моладзь дарам прароцтва і бачання; няхай дасць нам ласку быць дзейснай, жывой, плённай памяццю, якая з пакалення ў пакаленне не дазваляе, каб яе згасілі ці раструшчылі ні прарокі няшчасця і няўдачы, ані нашы абмежаванні, памылкі і грахі, але каб мы мелі здольнасць знаходзіць прастору для распальвання сэрцаў і распазнання шляхоў Духа», — сказаў Святы Айцец.
Пантыфік прывітаў усіх Сінадальных Айцоў. Ён падкрэсліў, што ўпершыню ў Сінодзе будуць прымаць удзел іерархі з Кітая, і адзначыў, што іх прысутнасць робіць яшчэ больш бачнай камунію ўсяго епіскапату з Наступнікам св. Пятра.
Паводле Папы, адмова ад канфармізму і прынцыпу «заўсёды так было» дапаможа моладзі знайсці надзею для руху наперад.
«Гэта тая ж надзея, што заклікае нас працаваць для выкаранення беднасці, адчужэння і насілля, ад якіх церпіць нашая моладзь», — сказаў ён.
На думку Святога Айца, маладыя людзі «просяць і патрабуюць крэатыўнай адданасці, дынамічнай, захопленай і поўнай надзеі разважлівасці, таго, каб мы не пакідалі іх самотнымі ў руках шматлікіх гандляроў смерцю».
Папа заклікаў Сінадальных Айцоў шукаць карысці для бліжняга і паважаць меркаванне адно аднаго, каб «не запанавала логіка самазахавання і самадастатковасці», якая аддае перавагу другасным рэчам на шкоду таму, што сапраўды важна. «Без такога стаўлення ўсе нашыя намаганні будуць марнымі», — сцвердзіў Папа.
Ён запрасіў удзельнікаў Сіноду слухаць Бога, каб пачуць голас народа.
«Такі падыход абароніць нас ад спакусы маралізатарства і элітарызму, а таксама дазволіць не сімпатызаваць абстрактным ідэалогіям, якія не адпавядаюць рэаліям нашага народа», — сцвердзіў ён.
Папа нагадаў, што Другі Ватыканскі Сабор завяршаўся пасланнем Саборных айцоў менавіта да моладзі. Ён паўтарыў словы Паўла VI пра моладзь — надзею Касцёла і заклікаў маладое пакаленне будаваць лепшы свет.
На Сінодзе Біскупаў беларускі епіскапат прадстаўляе яго старшыня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён адзначыў, што напярэдадні падчас вячэры ў Доме св. Марты папа Францішак у агульнай сталоўцы асабіста прывітаў Сінадальных айцоў, якія там жывуць, падыходзячы да кожнага століка.