2 верасня перад традыцыйнай нядзельнай малітвай «Анёл Панскі» на дворыку дома св. Марты, дзе жыве папа Францішак, Пантыфік атрымаў у падарунак легендарны італьянскі матаролер маркі Vespa (аса), які будзе прызначаны на справы дабрачыннасці.
У гэты дзень больш за 600 удзельнікаў рымскага клуба аматараў матаролераў Vespa nel Tempo узялі ўдзел у малітве «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра, прыпаркаваўшы сваіх «восаў» на тэрыторыі Ватыкана.
Яны падаравалі Святому Айцу арыгінальную мадэль «Веспы» 50R 1971 года белага колеру з гербом Пантыфіка і асаблівым нумарным знакам — BF362918, у якім дзве першыя літары азначаюць прозвішча Бэргольё і імя папы Францішка, наступныя дзве лічбы — год яго нараджэння, а таксама дату, калі быў зроблены падарунак: 2 верасня 2018 г. У дадатак да матаролера Святы Айцец атрымаў таксама шалом са сваім папскім гербом.
Падарунак ад аматараў матаролераў прыняў Папскі элемазінарый кардынал Конрад Краеўскі. Прызначаны на справы дабрачыннасці матаролер, магчыма, будзе прададзены з аукцыёну.