4 ліпеня ў Ватыкане была абнародавана інструкцыя Ecclesiæ Sponsæ Imago — «Вобраз Абранніцы Касцёла», — прысвечаная жыццю кансэкраваных паннаў і падрыхтаваная Кангрэгацыяй па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.
Прадстаўляючы дакумент, сакратар Кангрэгацыі арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё вылучыў тры асноўныя аспекты, вакол якіх будуецца яго змест.
Першы датычыцца паклікання кансэкраваных паннаў. Дакумент падкрэслівае «марыйны профіль» іх жыцця і нагадвае, што, даючы абяцанне цнатлівасці, дзяўчына ўвасабляе сабой «эсхаталагічны сімвал Касцёла, Хрыстовай Абранніцы». Панны першымі пакліканы ісці за Хрыстом, наследуючы Яго стыль жыцця: цнатлівы, бедны, пакорны, і рэалізуючы ўласную харызму. Яны прысвячаюць сябе малітве, пакаянню, учынкам міласэрнасці і прапаведванню, беручы Евангелле як узор жыцця і асноўнае жыццёвае правіла.
Другі аспект — гэта месца Ордэна кансэкраваных паннаў (Ordo virginum) у мясцовых Касцёлах і ў паўсюдным Касцёле. Падкрэсліваецца, што кансэкраваная панна павінна адчуваць сябе дачкой мясцовага Касцёла, робячы ўнёсак у яго фармаванне і місію. Касцёл, у сваю чаргу, павінен падтрымліваць яе ўсім, чым толькі можа. Гэты раздзел дакумента рэгулюе таксама ўсе пытанні адносна перамяшчэння кансэкраваных паннаў з адной дыяцэзіі ў іншую, магчымыя заснаванні фондаў для эканамічнай падтрымкі Ордэна.
Нарэшце, трэці аспект датычыцца распазнання паклікання і падрыхоўкі да пасвячэння ў Ордэн кансэкраваных паннаў у духоўным і педагагічным ключы. Падкрэсліваецца выключная роля дыяцэзіяльнага біскупа ў пытанні забеспячэння належнага фармацыйнага працэсу для кандыдатак да кансэкрацыі, здзяйснення самога абраду і далейшага суправаджэння кансэкраваных паннаў на іх шляху няспыннага духоўнага ўзрастання.
Старажытная практыка пасвячэння ў Ордэн кансэкраваных паннаў была адноўлена ў Каталіцкім Касцёле ў 1970 г. па ініцыятыве папы Паўла VI.
Адметнасцю гэтай формы кансэкраванага жыцця з’яўляецца магчымасць жыць паводле ўласнай харызмы ў шчыльнай сувязі з уласнай дыяцэзіяй, аднак па-за манаскай супольнасцю.