Пошук

12.06.2018 06:00   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© avvenire.it

Перад малітвай «Анёл Панскі», якую 10 чэрвеня Святы Айцец правёў для прысутных на плошчы Святога Пятра вернікаў, ён звярнуў іх увагу на неабходнасці барацьбы cа спакусай зайздрасці да іншых людзей, выкліканай іх добрымі ўчынкамі.

Каментуючы тэкст Евангелля Дзясятай звычайнай нядзелі (гл. Мк 3, 20–35), папа Францішак зазначыў два тыпы непаразумення, з якімі Езус сутыкнуўся ў адносінах да Яго з боку кніжнікаў і Ягоных родных. Першае непаразуменне, паводле Папы, — гэта імкненне некаторых кніжнікаў наўмысна дыскрэдытаваць Хрыста ў вачах людзей. Яны абвінавачваюць Езуса ў тым, што Ён апантаны д’яблам. Хрыстус дае ім зразумець, што такім чынам яны блюзнераць супраць Божай любові, якая прысутнічае і дзейнічае ў Ім.

«Гэтае блюзнерства і грэх супраць Святога Духа — адзіны недаравальны грэх, таму што пачынаецца з закрыцця сэрца для міласэрнасці Бога, які дзейнічае ў Езусе», — падкрэсліў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што ў гэтым аповедзе ёсць таксама папярэджанне для ўсіх нас. Часам здараецца, сказаў ён, што моцная зайздрасць, выкліканая дабрынёю і добрымі ўчынкамі іншага чалавека, можа падштурхнуць да таго, каб фальшыва яго абвінаваціць.

«Тут мы маем дачыненне са смяротным ядам: злосцю, пры дапамозе якой наўмысна знішчаецца добрая рэпутацыя іншых людзей. Няхай Бог сцеражэ нас ад гэтай страшнай спакусы! Калі, аналізуючы сумленне, мы заўважым гэтае зелле, якое прарастае ўнутры нас, пойдзем адразу ж да канфесіянала, каб прыступіць да сакрамэнту пакаяння, перш чым яно вырасце і прывядзе да дрэнных, невылечных наступстваў. Будзьце пільнымі, бо такое стаўленне разбурае сем’і, сяброўскія адносіны, супольнасці і нават грамадства», — перасцярог пастыр сусветнага Касцёла.

Другое непаразуменне ў адносінах да Езуса, па словах Папы, было ў Ягоных родных. Яны непакоіліся, лічылі непрымальным Ягоны новы лад жыцця, Яго выключную даступнасць для людзей, асабліва для хворых і грэшнікаў.

«Езус быў такім: перадусім народ, служыць народу, дапамагаць людзям, навучаць людзей, аздараўляць іх. Ён быў для людзей. У Яго не было нават часу, каб паесці», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа зазначыў, што Езус стварыў новую сям’ю, пабудаваную не на повязях крыві, а на веры ў Яго, на Ягонай любові, якая аб’ядноўвае людзей у Святым Духу.

«Усе тыя, хто прымае слова Езуса, з’яўляюцца сынамі Бога і братамі паміж сабою. <…> Пляткарства нішчыць добрае імя іншых і робіць нас членамі сям’і д’ябла», — сцвердзіў папа Францішак.

Абноўлена 12.06.2018 21:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця