Пошук

04.06.2018 12:12   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
© Vatican Media

3 чэрвеня перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра папа Францішак адзначыў, што ў гэты дзень у многіх краінах святкуецца ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, або Божага Цела, і прысвяціў сваё традыцыйнае разважанне сакрамэнту Эўхарыстыі.

«Кожны раз, калі мы цэлебруем Эўхарыстыю, праз гэты Сакрамэнт — такі стрыманы і ў той жа час такі ўрачысты — мы перажываем Новы Запавет, які ў поўнай меры ўсталёўвае еднасць паміж Богам і намі.

Як удзельнікі гэтага Запавету мы, хоць малыя і бедныя, супрацоўнічаем у будаванні гісторыі паводле Божай волі.

Таму кожная цэлебрацыя Эўхарыстыі, будучы актам публічнага Божага культу, скіравана да жыцця і да канкрэтнага вопыту нашага існавання», — падкрэсліў Святы Айцец.

Ён звярнуў увагу на тое, што, спажываючы Цела і Кроў Хрыста, вернікі прыпадабняюцца да Яго, прымаюць у сябе Яго любоў не для таго, каб раўніва яе прыўлашчыць, але каб дзяліцца ёю з іншымі. Менавіта ў гэтым, на думку Пантыфіка, і заключаецца логіка Эўхарыстыі.

«Таму ўрачыстасць Божага Цела — гэта таямніца прыцягнення да Хрыста і ператварэння ў Яго. Гэта — школа канкрэтнай любові, цярплівай і ахвярнай, як у Езуса на крыжы. Яна вучыць нас станавіцца больш адкрытымі і даступнымі для тых, хто шукае разумення, дапамогі, падтрымкі, хто адкінуты і самотны.

Прысутнасць жывога Езуса ў Эўхарыстыі — гэта як быццам брама, адчыненая брама са святыні на вуліцу, з веры — у гісторыю, з Божага горада — у горад чалавечы», — сказаў пастыр Паўсюднага Касцёла.

Увечары таго самага дня ў Остыі папа Францішак так, як 50 гадоў таму гэта зрабіў яго папярэднік благаслаўлёны Павел VI, цэлебраваў св. Імшу, пасля якой узяў удзел у працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Абноўлена 04.06.2018 15:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця