Пошук

23.05.2018 13:09   Паводле: Дэбара Даніні – Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
© Vatican Media

Завяршыўшы ў мінулую сераду цыкл катэхезаў на тэму хросту, 23 мая на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане папа Францішак распачаў новы цыкл настаўленняў, якія традыцыйна абвяшчае падчас сваіх агульных аўдыенцый. Працягваючы разважанне над сакрамэнтамі, Святы Айцец перайшоў да канфірмацыі.

Сакрамэнт канфірмацыі (умацавання) мае такую назву, паколькі ўмацоўвае хрост, — патлумачыў Пантыфік. Ён называецца таксама «хрызмаваннем», таму што ў гэтым сакрамэнце вернікі атрымліваюць Святога Духа праз намашчэнне хрызмам — алеем, змяшаным з духмяным бальзамам, які біскуп благаслаўляе ў Вялікі чацвер. Гэтае слова ўтворана ад Хрыста — Памазанца, намашчанага Святым Духам. Калі ў хросце адбываецца адраджэнне да Боскага жыцця, потым неабходна паводзіць сябе, як належыць дзецям Божым, што і забяспечвае намашчэнне Духам Святым.

«Без моцы Святога Духа мы нічога не можам зрабіць: гэта Дух дае сілу ісці наперад», — сцвердзіў Папа.

Цэнтральнымі момантамі ў адносінах са Святым Духам з’яўляюцца таксама вечар Пасхі і Пяцідзясятніца. «„Дыханне“ ўваскрослага Хрыста напаўняе жыццём лёгкія Касцёла», — падкрэсліў Святы Айцец, адзначыўшы, што «Пяцідзясятніца, якую мы святкавалі ў мінулую нядзелю, для Касцёла з’яўляецца тым жа самым, чым для Хрыста стала намашчэнне Духам, атрыманае ў Ярдане», гэта значыць «місіянерскім імкненнем прысвяціць жыццё асвячэнню людзей, на хвалу Бога».

«У момант намашчэння хрызмам біскуп кажа такія словы: „Прымі дар Духа Святога“.

Дух Святы — гэта вялікі дар Бога. Усе мы маем у сабе Духа. Дух у нашым сэрцы, у нашай душы. Дух вядзе нас па жыцці, каб мы сталі сапраўднай соллю і сапраўдным святлом для людзей», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што «ў канфірмацыі Хрыстус напаўняе нас сваім Духам, пасвячаючы нас у свае сведкі». Тое, што мы прынялі Духа, становіцца бачным, калі мы выконваем справы таго ж Духа. Насамрэч, хрысціянскае сведчанне заключаецца ў тым, каб «рабіць толькі тое і ўсё тое, чаго патрабуе ад нас Дух Хрыста, даючы нам сілу гэта выканаць».

Сённяшняе разважанне папы Францішка грунтавалася на ўрыўку з Евангелля, прачытаным падчас аўдыенцыі, у якім у сінагозе ў Назарэце Езус кажа: «Дух Пана на Мне» (пар. Лк 4, 18).

«Прыгожа, як Езус прадстаўляецца, як выглядае „асабістае пасведчанне“ Езуса ў сінагозе ў Назарэце: таго, хто быў намашчаны Духам», — падкрэсліў Пантыфік.

Сярод 15 тысяч удзельнікаў агульнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра прысутнічалі таксама прадстаўнікі Украіны, якія бралі ўдзел у 60-й пілігрымцы вайскоўцаў у Люрд. Вітаючы іх, папа Францішак сказаў:

«Я няспынна малю Пана, каб Ён залячыў раны, нанесеныя вайной, і адарыў мірам умілаваную ўкраінскую зямлю».

Абноўлена 23.05.2018 18:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа