Пошук

09.05.2018 13:58   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
© Vatican Media

9 мая падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра, у якой узялі ўдзел каля 15 тысяч вернікаў, Святы Айцец, працягваючы цыкл катэхезаў на тэму хросту, засяродзіўся на цэнтральным абрадзе сакрамэнту — на «хрышчэнні».

На пачатку папа Францішак акрэсліў тэму сваёй чарговай катэхезы пра сакрамэнт хросту, запрасіўшы да разважання над святой купеллю — «абмыццём, якое суправаджаецца заклікам Найсвяцейшай Тройцы». Паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, у хрышчэнні адбываецца «занурэнне» ў Пасхальную Таямніцу Хрыста (пар. ККК 1239).

«Пра значэнне гэтага жэсту нагадвае св. Павел хрысціянам у Рыме, пытаючыся ў іх перадусім: „Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся?“ А пасля гэтага адказвае: „Праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос <…>, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці“ (пар. Рым 6, 3–4).

Хрост адчыняе для нас брамы ў жыццё ўваскрасення, а не ў жыццё гэтага свету. У жыццё Езуса. Хрысцільня — гэта месца, дзе мы ўдзельнічаем у Пасхе з Хрыстом!» — падкрэсліў Пантыфік.

Такім чынам, у хросце адбываецца пахаванне старога чалавека з яго зманлівымі пажадлівасцямі (пар. Эф 4, 22), і адраджаецца новае стварэнне. У «Катэхезах», аўтарам якіх лічыцца св. Кірыл Ерузалемскі, новаахрышчаным тлумачыцца, што з імі адбылося ў вадзе хрышчэння, якая стала для іх «магілай і маці».

«Адраджэнне новага чалавека патрабуе, каб сапсаваны грахом чалавек распаўся ў прах. Вобразы магілы і ўлоння маці ў адносінах да хрысцільні, па сутнасці, вельмі дакладна адлюстроўваюць тое вялікае, што адбываецца ў простых жэстах хросту», — адзначыў Святы Айцец. Цытуючы надпіс са старажытнага рымскага баптыстэрыя, ён адзначыў прыгажосць змешчаных у ім словаў, сэнс якіх заключаецца ў тым, што Касцёл нас нараджае і з’яўляецца ўлоннем, з’яўляецца нашай маці праз хрост.

«Калі нашыя бацькі нарадзілі нас для часовага жыцця, то Касцёл у хросце адрадзіў нас да жыцця вечнага. Мы сталі сынамі ў Ягоным Сыне Езусе (пар. Рым 8, 15; Гал 4, 5–7). Разам з тым, над кожным з нас, адроджаных з вады і Святога Духа, гучыць голас Нябеснага Айца, які з бясконцай любоўю кажа: „Гэта Сын Мой умілаваны“ (пар. Мц 3, 17). Гэты айцоўскі голас, няўлоўны для вуха, але добра чутны для сэрца таго, хто верыць, суправаджае нас усё жыццё і ніколі не пакідае. На працягу ўсяго жыцця Айцец кажа нам: „Ты — сын Мой умілаваны, ты — Мая ўмілаваная дачка“. Бог моцна любіць нас як Айцец і не пакідае нас адных. З самага моманту хросту. Адроджаныя дзеці Божыя — мы становімся імі назаўжды!» — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Хрост не паўтараецца, таму што ён адціскае незнішчальную духоўную пячатку, якую не можа сцерці ніякі грэх, хоць ён і не дае хросту прынесці плён збаўлення. Святы Айцец падкрэсліў, што пячатка хросту ніколі не губляецца: нават калі чалавек становіцца найбольшым злачынцам, ён застаецца Божым дзіцём, якое ідзе супраць Бога, але Бог ніколі не адмаўляецца ад сваіх дзяцей. І для таго, каб усе прысутныя лепш запамяталі гэтую асноўную праўду, папа Францішак запрасіў усіх разам некалькі разоў паўтарыць:

«Бог ніколі не адмаўляецца ад сваіх дзяцей».

Уцелаўлёныя ў Хрыста праз Хрост, ахрышчаныя прыпадабняюцца да Яго. Праз дзеянне Святога Духа хрост ачышчае, асвячае, апраўдвае, каб з многіх членаў утварылася адно цела ў Хрысце (пар. Рым 8, 29; 1 Кар 6, 11; 12, 13). Менавіта гэта азначае намашчэнне хрызмам падчас хросту, якое становіцца знакам удзелу ахрышчанага ў каралеўскім святарстве і яго прыналежнасці да супольнасці Божага народа, як сказана ва ўводзінах да абраду хросту.

«Браты і сёстры, — звярнуўся Святы Айцец на заканчэнне сваёй катэхезы, — у гэтым заключаецца ўсё хрысціянскае пакліканне: жыць у еднасці з Хрыстом у святым Касцёле, быць удзельнікамі таго самага пасвячэння, каб выконваць тую ж місію ў гэтым свеце, прыносячы плён, які застаецца назаўсёды. Сапраўды, ажыўлены адным Духам, увесь Божы народ удзельнічае ў служэнні Езуса Хрыста „Святара, Валадара і Прарока“, несучы адказнасць за місію і звязаныя з ёй абавязкі (пар. Кодэкс кананічнага права, 783–786).

Што азначае ўдзельнічаць у каралеўскім і прарочым святарстве Хрыста? Гэта азначае прынесці сябе ў ахвяру, прыемную Богу (пар. Рым 12, 1), даючы сведчанне пра Яго сваім жыццём веры і міласэрнай любові (пар. Lumen gentium, 12), прысвяціўшы яго служэнню іншым па прыкладзе Пана Езуса».

Пасля катэхезы папа Францішак нагадаў вернікам пра тое, што месяц май — гэта час, асаблівым чынам прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, і заклікаў паглыбляць пабожнае ўшанаванне Багародзіцы, штодзённа молячыся Ружанец, каб, як Маці Божая, прымаць у сваім жыцці таямніцы Хрыста і ўсё больш станавіцца дарам любові для ўсіх людзей.

Абноўлена 09.05.2018 15:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.