Пошук

Фота: Vatican Media

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 2 мая прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Святы Айцец у сваёй чарговай катэхезе на тэму хросту засяродзіўся на значэнні хрысцільнай вады, адрачэння ад зла і вызнання веры.

Кажучы пра ваду, Папа нагадаў, што яна з’яўляецца крыніцай жыцця і здароўя, а яе адсутнасць прыводзіць да знікнення ўсялякай плоднасці, як гэта адбываецца ў пустыні. Але ў некаторых сітуацыях вада нясе смерць, напрыклад, калі яе патокі выходзяць з берагоў і знішчаюць усё на сваім шляху. Акрамя таго, вада можа абмываць, змываць бруд, ачышчаць.

Спасылаючыся на словы св. Аўгустына, папа Францішак падкрэсліў, што ў сакрамэнце хросту адбываецца паліванне вадой на знак ачышчэння ад грахоў праз Святога Духа.

«Дзеянне — вады, плён — Святога Духа», — патлумачыў ён.

Менавіта таму Касцёл просіць Бога, каб спаслаў на хрысцільную ваду сваю ласку.

«У малітве благаслаўлення сказана, што Бог падрыхтаваў ваду, „каб яна выяўляла ласку святога хросту“, і нагадвае галоўныя біблійныя правобразы: на пачатку свету над водамі ўзносіўся Божы Дух, каб зрабіць іх крыніцай жыцця (пар. Быц 1, 1–2); воды патопу азначалі канец граху і пачатак новага жыцця (пар. Быц 7, 6–8; 22); праз воды Чырвонага мора сыны Абрагама былі вызвалены з егіпецкай няволі (пад. Зых 14, 15–31). У адносінах да Езуса ўзгадваецца хрост у Ярдане (пар. Мц 3, 13–17), кроў і вада, якія выцеклі з Яго боку (пар. Ян 19, 31–37), і наказ вучням, каб хрысцілі ўсе народы ў імя Святой Тройцы (пар. Мц 28, 19). Умацаваныя гэтымі ўспамінамі, мы просім Бога, каб спаслаў на хрысцільную ваду ласку Хрыста, які памёр і ўваскрос.

Такім чынам звычайная вада перамяняецца ў ваду, што нясе ў сабе сілу Святога Духа. І гэтай вадой, з сілай Святога Духа, мы хрысцім людзей: хрысцім дарослых, дзяцей, усіх…» — сказаў Папа.

Пасля падрыхтоўкі вады неабходна падрыхтаваць да прыняцця сакрамэнту хросту таксама сэрца. Гэта адбываецца праз адрачэнне ад зла і вызнанне веры: два чыны, непарыўна злучаныя паміж сабой, падкрэсліў Святы Айцец.

«Наколькі я здольны сказаць „не“ прапановам д’ябла — а д’ябал — гэта той, хто стварае падзелы, — настолькі я здольны сказаць „так“ Богу, які кліча мяне стаць падобным да Яго ў думках і ўчынках. Д’ябал сее падзелы, а Бог заўсёды яднае ў супольнасць, яднае людзей у адзін народ. Немагчыма далучыцца да Хрыста, ставячы ўмовы. Неабходна разарваць пэўныя сувязі, каб стаць здольным па-сапраўднаму заключыць іншыя», — сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што некаторыя людзі, якія не да канца пазналі ўласную тоеснасць, спрабуюць жыць так, каб дагадзіць і Богу, і д’яблу. Папа падкрэсліў, што гэта недапушчальна.

«Трэба спаліць масты, пакідаючы іх за сваімі плячыма, каб стаць на новы Шлях, якім з’яўляецца Хрыстус», — дадаў ён.

Папа заўважыў, што адрачэнне ад зла здзяйсняецца ад першай асобы, таксама як і вызнанне веры.

«Гэта адказнае рашэнне, якое патрабуе выяўлення ў канкрэтных жэстах даверу да Бога. Акт веры накладае пэўныя абавязацельствы, прытрымлівацца якіх у розных сітуацыях і жыццёвых выпрабаваннях дапаможа сам хрост. Будзем памятаць старажытную мудрасць Ізраэля: „Сыне, калі маеш намер служыць Пану, то падрыхтуй сваю душу да выпрабаванняў“ (пар. Сір 2, 1), гэта значыць, падрыхтуйся да барацьбы. А Святы Дух дасць сілы, каб змагацца добра», — запэўніў наступнік Пятра.

Напрыканцы катэхезы папа Францішак заклікаў вернікаў кожны раз, уваходзячы ў касцёл і дакранаючыся да асвячанай вады, зрабіць знак крыжа, з радасцю і ўдзячнасцю ўзгадваць аб дары святога хросту, які атрымалі, каб жыць у любові Найсвяцейшай Тройцы.

Абноўлена 02.05.2018 18:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа