Пошук

06.03.2018 15:16   Паводле: Vatican News / Catholic.by

«Жанчына — апора ў будынку Касцёла і грамадства ў Лацінскай Амерыцы», — такую тэму выбраў папа Францішак для пленарнага пасяджэння Папскай камісіі па Лацінскай Амерыцы, якое праходзіць у Ватыкане з 6 па 9 сакавіка.

Выбраная тэма сугучная са словамі Святога Айца, скіраванымі да ўдзельнікаў Рады біскупаў Лацінскай Амерыкі (Celam). «Надзея Лацінскай Амерыкі мае жаночае аблічча! — сцвердзіў Папа. — Без жанчын Касцёл на кантыненце згубіў бы здольнасць няспынна адраджацца». Жаночае вымярэнне збаўлення бярэ пачатак ад Марыі, ад Маці-Касцёла, ад матуляў і бабуляў.

З другога боку, Пантыфік падчас свайго нядаўняга візіту ў Перу звярнуў увагу таксама на несправядлівасці, ад якіх пакутуюць многія жанчыны: на пануючы ў рэгіёне «мачызм» (адносіны перавагі мужчын над жанчынамі), на тое, што яны часта застаюцца самотнымі маці і павінны самі клапаціцца пра ўтрыманне і выхаванне патомства, на дыскрымінацыю з боку працадаўцаў, а таксама на тое, што менавіта жанчыны найбольш пакутуюць ад беднасці і праяваў насілля.

Для абмеркавання «жаночай» тэмы было б недастаткова сабраць толькі членаў камісіі, кардыналаў і біскупаў, таму папа Францішак у якасці выключэння дазволіў запрасіць на пасяджэнне таксама 15 жанчын з Лацінскай Амерыкі. Плануецца заслухаць даклады, якія датычацца розных аспектаў жыцця жанчын у рэгіёне, а таксама абмеркаваць ролю жанчыны ў сям’і, у сферы абароны жыцця, у выхаванні і катэхізацыі, у міласэрным служэнні бедным, у абароне стварэння і ў іншых сферах дзейнасці Касцёла і грамадства.

У сувязі з тым, што на час працы пленарнага пасяджэння прыпадае Міжнародны жаночы дзень, 8 сакавіка запланавана вячэра ў гонар жанчын, якія працуюць у Ватыкане. Паколькі нерэальна сабраць на ёй усіх ватыканскіх супрацоўніц, бо іх тут працуе каля 700, на вячэру было вырашана запрасіць сімвалічную дэлегацыю жанчын (30–40 асобаў), якія прадставяць усіх жанчын свету.

У пятніцу ўсіх удзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай камісіі па Лацінскай Амерыцы прыме на аўдыенцыі Святы Айцец.

Абноўлена 06.03.2018 15:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.