Пошук


Карупцыя з’яўляецца ракам, які ўсё больш і больш пашкоджвае грамадскае жыццё. Яна блакуе развіццё самых бедных краін, а ў развітых грамадствах разбурае міжчалавечыя адносіны.

На гэта звярнуў увагу ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё былы назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН арцыбіскуп Сільвана Тамазі C.S. Ён нагадаў, што барацьба з карупцыяй з’яўляецца адной з найбольш важных сацыяльных праблем у свеце.

Папскі дыпламат адзначыў, што ў маладым пакаленні трэба тэрмінова выхоўваць сумленнасць і развіваць у грамадскай думцы адчувальнасць да неабходнасці захавання закону і грамадскага парадку.

«Канвенцыі супраць карупцыі маюць як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, так і Арганізацыя Афрыканскіх Дзяржаў, што паказвае на спробы стварыць адпаведныя законы, але гэты рак пастаянна грызе нашу рэальнасць. І адбываецца гэта таму, што — як кажа Францішак — амаральнасць або карупцыя нараджаецца ў чалавечым сэрцы. Таму мы павінны трансфармаваць нашу сацыяльную культуру і паставіць яе на рэальныя адносіны, заснаваныя на даверы, а не на карупцыі», — растлумачыў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што гэта з’ява нараджаецца ад любові да ўлады і грошай.

«Яны штурхаюць нас на несумленны шлях і робяць так, што мы пачынаем выкарыстоўваць несумленныя інструменты. Тут корань карупцыі, якая блакуе развіццё бедных краін. Карупцыя падрывае таксама галіны здаровага, мірнага і канструктыўнага грамадскага жыцця», — лічыць іерарх.

Арцыбіскуп Тамазі адзначыў той факт, што ў грамадскім жыцці тэрмінова патрэбны напамін пра важнасць сумлення, забытага палітычнай элітай.

«Гэта яно паказвае нам дрэнныя і амаральныя сацыяльныя механізмы, якія некаторыя спрабуюць прадставіць як праўдзівыя і каштоўныя», — сказаў ватыканскі дыпламат.

Абноўлена 07.03.2018 00:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.