Пошук


18–21 кастрычніка ў італьянскім мястэчку Кастэль-Гандольфа, на тэрыторыі якога знаходзіцца летняя рэзідэнцыя Пантыфікаў, пройдзе міжнародны кінафестываль, які стане заключным мерапрыемствам святкавання 400-годдзя харызмы служэння бедным па прыкладзе св. Вінцэнта дэ Поля.

Юбілей адзначаецца духоўнымі паслядоўнікамі гэтага французскага святога з 27 верасня 2017 г.

Мэта фестывалю — у пошуку шляхоў распаўсюджвання міласэрнасці, як гаворыцца ў паведамленні арганізатара падзеі, якім з’яўляецца «Сям’я св. Вінцэнта» — міжнароднае аб’яднанне супольнасцей і рухаў, натхнёных духоўнасцю, жыццём і дзейнасцю св. Вінцэнта дэ Поля.

Творчыя праекты будуць прымацца да разгляду журы да 28 мая 2018 г.

Конкурсная праграма, аб’яднаная тэмай жыцця на карысць бедным, будзе падзелена на тры секцыі — для ўдзельнікаў ва ўзросце да 18 гадоў, для сцэнарыстаў і для рэжысёраў.

Галоўным крытэрыем ацэнкі праектаў будзе іх здольнасць натхняць на служэнне бедным і змяняць нашае ўспрыняцце «феномену галечы». Лепшыя каротка- і паўнаметражныя фільмы будуць паказаны ў рамках фестывалю.

Акрамя таго, праграмай форума ў Кастэль-Гандольфа прадугледжаны выстаўкі і тэматычныя канферэнцыі, працы ў групах і шэраг культурных мерапрыемстваў.

Святы Вінцэнт дэ Поль, ураджэнец французскай Гасконі, жыў на мяжы XVI–XVII стст. Ужо будучы святаром, у 1617 г., ён прысягнуў цалкам прысвяціць сваё жыццё служэнню бедным, сіротам, хворым і вязням. Дэ Поль з’яўляецца заснавальнікам Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці (шарыткі) і Кангрэгацыі Айцоў Місіянераў (лазарысты).

Сёстры шарыткі нясуць сваё служэнне і ў Беларусі.

Абноўлена 22.02.2018 12:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа