Папа Францішак заклікаў прысвяціць студзень асаблівай малітве за хрысціян і прадстаўнікоў іншых рэлігійных меншасцяў у Азіі, каб маглі вызнаваць сваю веру ў поўнай свабодзе.
Малітоўную інтэнцыю на бягучы месяц Пантыфік агучыў у відэароліку, які быў распаўсюджаны 4 студзеня праз ватыканскі канал у юцюбе.
«У разнастайным культурным свеце Азіі Касцёл павінен адказваць на шматлікія пагрозы, і гэта яго заданне становіцца яшчэ складаней па той прычыне, што ён з’яўляецца меншасцю. Гэтыя пагрозы, гэтыя выклікі падзяляюць таксама іншыя рэлігійныя меншасці, з якімі нас лучыць прагненне надзеі, праўды і святасці», — сказаў Папа.
Паводле слоў Пантыфіка, «калі думаем пра тых, каго пераследуюць па прычыне веры, — глядзім далей за абрадавыя ці канфесійныя адметнасці: становімся плячо ў плячо з людзьмі, якія змагаюцца за тое, каб не адмаўляцца ад уласнай рэлігійнай тоеснасці». «Памолімся за ўсіх гэтых людзей, каб у азіяцкіх краінах хрысціяне і іншыя рэлігійныя меншасці маглі жыць сваёй верай у поўнай свабодзе», — заклікаў Святы Айцец.
У відэароліку з інтэнцыямі прадстаўлены вернікі розных рэлігійных традыцый, прысутных на азіяцкім кантыненце.
Тэма рэлігійнай свабоды ў Азіі моцна гучала на працягу апошніх месяцаў у сувязі з Апостальскім падарожжам Святога Айца ў М’янму і Бангладэш, якое адбылося 26 лістапада па 2 снежня 2017 г. У прыватнасці гэта было звязана з сітуацыяй меншасці рахінджа.