У 2018 годзе шэсць кардыналаў адзначаць 80-годдзе, пасля чаго выйдуць з групы іерархаў з правам голасу на магчымым канклаве. На сёння Калегія кардыналаў уключае 216 іерархаў, з якіх 120 маюць голас пры выбары Папы.
Калі на працягу першай паловы 2018 г. папа Францішак не прызначыць новых кардыналаў, то ў тэарытычным канклаве змогуць удзельнічаць 114 іерархаў. Гэта лічба меншая за ўстаноўлены ў 1973 г. папам Паўлам VI мінімум у 120 кардыналаў-выбаршчыкаў.
Усе шэсць кардыналаў адзначаць свой 80-гадовы юбілей у першай палове бягучага года. Першымі гэта зробяць тры італьянскія іерархі. 3 лютага — кардынал Антоніо Марыя Вэльё, старшыня Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў на пенсіі; 20 лютага — кардынал Паоло Рамэа, былы Апостальскі нунцый у Італіі і арцыбіскуп Палерма на пенсіі; 6 сакавіка — кардынал Франчэско Кокапальмерыё, старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў.
29 сакавіка 80-годдзе адзначыць партугальскі кардынал Мануэль Мантэйра дэ Кастра, былы Апостальскі Нунцый у Іспаніі і Вялікі пэнітэнцыярый на пенсіі. Праз тры дні, 1 красавіка — арцыбіскуп Ханоя, в’етнамскі кардынал П’ер Нгуен Ван Нён, а 6 чэрвеня — кардынал Анджэло Амата, шматгадовы прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.
На працягу 2017 г. памерлі 16 кардыналаў. Гэта адна з самых высокіх лічбаў у гісторыі Касцёла: 12 кардыналаў памерлі ў 2000 г. і па 11 — у 1967 і 1998 гг. Аднак да 1958 г. Калегія кардыналаў была не такая шматлікая і магла налічваць максімум 70 іерархаў, але і гэта лічба не заўсёды дасягалася.