Ватыканскія тэолагі вывучылі і прызналі цудам нараджэнне ў 2014 годзе дзяўчынкі Аманды, якую маці змагла вынасіць, нягледзячы на разрыў плацэнты.
Як паведамляе ТАСС са спасылкай на агенцтва ANSA, Кангрэгацыя па справах Кананізацыі прызнала, што гэта стала магчымым, таму што жанчына малілася Джавані Бацісту Манціні, які пасля абрання на Папскі пасад у 1963 г. узяў імя Павел VI.
Пантыфік ужо быў беатыфікаваны папам Францішкам у кастрычніку 2014 года. Цяпер Святы Айцец павінен прызначыць дату кананізацыі Паўла VI.
Папа Павел VI вядомы тым, што давёў да канца працу Другога Ватыканскага Сабора пасля смерці папы Яна ХХІІІ, і стане ўжо трэцім Пантыфікам, якога кананізуе папа Францішак.
Раней ён ужо далучыў да ліку святых Яна Паўла ІІ і Яна XXIII. Павел VI быў 262-м па ліку Папам Рымскім. Ён стаў першым Пантыфікам, які здзейсніў сем замежных візітаў, за што яго называлі «лятаючым прапаведнікам».