Пошук


Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 13 лістапада папа Францішак разважаў пра спакусы, якія «раняць сэрцы і забіваюць надзею».

«Непазбежна, што будуць з’яўляцца спакусы», але «гора таму, праз каго яны прыходзяць», — адзначыў Папа, спасылаючыся на словы з літургічнага евангельскага чытання (Лк 17,1-6)».

Спакусы могуць не толькі раніць, але і забіваць

Святы Айцец заклікаў вернікаў быць пільнымі, каб не спакушаць іншых людзей, бо спакусы «раняць чуллівасць і слабасць Божага народу, а вельмі часта гэтыя раны застаюцца на ўсё жыццё».

Больш за тое, «спакусы могуць не толькі раніць, а нават забіваць: забіваць надзею, забіваць мары, забіваць сем’і, забіваць вялікую колькасць сэрцаў», — падкрэсліў Папа.

«Колькі хрысціян сваімі паводзінамі і сваёй непаслядоўнасцю аддаляюць людзей. Непаслядоўнасць — гэта адзін з самым простых відаў зброі, якую мае д’ябал, каб аслабіць Божы народ і аддаліць яго ад Пана», — нагадаў Пантыфік. Святы Айцец дадаў, што такая непаслядоўнасць заключаецца ў тым, каб казаць адно, а рабіць адваротнае.

Паводле папы Францішка, такое стаўленне спакушае людзей. У якасці прыкладу непаслядоўных асобаў Папа Рымскі прывёў прадпрымальнікаў, якія называюць сябе хрысціянамі, але не плацяць сваім працаўнікам належнага заробку, ці нават эксплуатуюць іх дзеля ўласнай выгады.

«Спакушаць могуць і пастыры Касцёла, калі больш думаюць пра грошы, чым пра людзей»

Спакушаць падобным чынам могуць таксама і пастыры Касцёла, якія не клапоцяцца належным чынам пра давераны ім статак. Калі пастыры больш думаюць пра грошы, чым пра людзей, яны спакушаюць.

Тое самае адбываецца, калі яны славалюбівыя, а не сціплыя і пакорныя, або калі з’яўляюцца пыхлівымі і жадаюць панаваць над іншымі.

«Сёння можа быць цудоўны дзень, каб зрабіць рахунак сумлення з гэтага: ці спакушаю яе, і калі так, то як? І так мы можам адказаць Пану і крыху наблізіцца да Яго», — закончыў сваю гамілію Святы Айцец.

Абноўлена 14.11.2017 11:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця