«Калі я іду маліцца, часам засынаю. Гэта адбывалася і са св. Тэрэзай ад Дзіцятка Езуса. Яна казала, што Богу падабаецца, калі нехта засынае», — у гэтым прызнаўся папа Францішак у другім эпізодзе праграмы «Ойча наш», які выйшаў 1 лістапада на тэлеканале італьянскага епіскапату TV2000.
«Свяціся iмя Тваё», — гэтыя словы з галоўнай малітвы хрысціянства сталі прадметам разважання Пантыфіка.
Святы Айцец задаў рытарычнае пытанне: ці можа Божае імя «свяціцца» ў хрысціянах, якія змагаюцца адно з адным за ўладу; у тых, хто наймае кілера, каб пазбавіцца свайго ворага; у тых, хто не клапоціцца пра сваіх дзяцей?
Паводле Папы, адчуваць сябе дзіцём у руках Бога — гэта адзін з самых яскравых спосабаў «асвячэння Яго імя». На жаль, у свеце Божае імя вельмі часта зневажаецца, падкрэсліў Пантыфік у размове з кс. Марко Поца: «Мы сцвярджаем, што мы хрысціяне, што ў нас ёсць Айцец, але жывём, не хачу сказаць, што як жывёлы, але як людзі, якія не вераць ні ў Бога, ні ў чалавека, жывём без веры, робячы зло, не ў любові, а ў нянавісці, у канкурэнцыі, у войнах».
Тэлепраграма «Ойча наш» рэалізуецца ў супрацоўніцтве паміж Сакратарыятам па камунікацыі Святога Пасаду і тэлеканалам італьянскага епіскапату TV2000. Апрача Пантыфіка ў ёй выступаюць вядомыя свецкія вернікі са свету культуры і шоў-бізнесу. У эфір выйдзе дзевяць эпізодаў. Героем другога стаў італьянскі пісьменнік Эры Дэ Лука, вядомы, між іншым, тым, што вывучыў ідыш і іўрыт, каб перакладаць Біблію, чытанню якой кожны дзень прысвячае гадзіну часу, хоць і заяўляе, што не верыць у Бога.
З адказаў Папы Францішка ў рамках праграмы «Ойча наш» таксама нарадзілася аднайменная кніга, якая з’явіцца ў кнігарнях Італіі 23 лістапада.