Пошук

26.10.2017 16:15   be.radiovaticana.va / Catholic.by

У эфір выйшаў першы эпізод праграмы «Ойча наш» з Папам, вядучым якой выступіў кс. Марко Поца, малады турэмны капелан з Падуі.

25 кастрычніка на тэлеканале італьянскага епіскапату «TV2000» Пантыфік узгадаў эпізод са свайго дзяцінства, калі яму выдалілі міндаліны і адразу пасля аперацыі далі марозіва. «Бог вялікі, Бог хвалы, ідзе побач з табой і дае табе чыстае марозіва, калі гэта неабходна», — сказаў Святы Айцец.

«Нябёсы, — адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з кс. Поца, — азначаюць веліч Божай усемагутнасці». «Ён з’яўляецца Першым, Ён — вялікі, Ён стварыў нас. Нябёсы азначаюць бязмежнасць Яго ўлады, Яго любові, Яго прыгажосці», — патлумачыў Пантыфік першыя словы малітвы «Ойча наш».

Святы Айцец узгадаў свайго бацьку і прызнаўся, што ў дзяцінстве, пасля паездкі ў таксі, думаў, што яго бацька з’яўляецца «гаспадаром усіх машын у горадзе», кімсьці вельмі значным, і ў той жа час вельмі блізкім яму чалавекам. Гэты досвед дзіцяці, лічыць Папа, дапамагае нам зразумець «адносіны паміж веліччу Бога і Яго блізкасцю».

З адказаў папы Францішка ў рамках праграмы «Ойча наш» таксама нарадзілася аднайменная кніга, якая з’явіцца на паліцах кнігарняў Італіі 23 лістапада 2017 г.

Тэлепраграма рэалізуецца ў супрацоўніцтве паміж Сакратарыятам па камунікацыі Святога Пасаду і «TV2000». Апрача Пантыфіка ў ёй выступаюць вядомыя свецкія вернікі са свету культуры і шоў-бізнеса. Першая прайшла з удзелам пісменніцы Сільвіі Авалонэ. У эфір выйдзе дзевяць эпізодаў.

Абноўлена 26.10.2017 16:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця