Пошук

11.10.2017 10:54   be.radiovaticana.va

Сваё 21-е замежнае падарожжа Пантыфік здзейсніць у М’янму і Бангладэш. Падчас візіту ў Святога Айца запланаваны дзве вялікія эўхарыстычныя цэлебрацыі, сустрэчы з біскупамі, духавенствам, моладдзю і прадстаўнікамі органаў улады.

Паездка адбудзецца з 26 лістапада па 2 снежня 2017 г. Зала Друку Святога Пасаду 10 кастрычніка апублікавала афіцыйную праграму 21-га замежнага падарожжа папы Францішка.

Самалёт італьянскай авіякампаніі Alitalia са Святым Айцом на борце вылеціць з Рыма 26 лістапада ў 21.40 і прыбудзе ў міжнародны аэрапорт Янгона на наступны дзень у 13.30 па мясцовым часе — у 8.00 па рымскім часе. Там адбудзецца цырымонія прывітання.

У аўторак, 28 лістапада, Пантыфік адправіцца самалётам мясцовых авіяліній у сталіцу краіны Найп’іда. Пасля афіцыйнага прывітання папа Францішак адправіцца ў Прэзідэнцкі палац на ўрачысты прыём у кіраўніка краіны.

У сераду, 29 лістапада, раніцай у Янгоне Пантыфік узначаліць Эўхарыстыю, у другой палове дня сустрэнецца з Вярхоўнай радай будыйскіх манахаў, а яшчэ праз гадзіну — з біскупамі М’янмы.

30 лістапада раніцай папа Францішак узначаліць святую Імшу з удзелам моладзі ў катэдры Янгона, пасля якой адправіцца ў аэрапорт, адкуль вылеціць у сталіцу Бангладэш.

У Даке Святы Айцец наведае Нацыянальны мемарыял і аддасць даніну памяці шэйху Маджыбуру Рахману. На вечар запланаваны візіт ветлівасці да прэзідэнта краіны і сустрэчы з прадстаўнікамі ўрада, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Усё гэта будзе праходзіць у Прэзідэнцкім палацы.

1 снежня Папа ўзначаліць Эўхарыстыю з удзелам вернікаў у адным з паркаў сталіцы, падчас якой удзеліць прэзбітэрскае пасвячэнне. У той жа дзень у Апостальскай нунцыятуры папа Францішак прыме прэм’ер-міністра краіны, а затым наведае катэдру і сустрэнецца з мясцовым епіскапатам. Завершыць дзень міжрэлігійная і экуменічная сустрэча ў садзе арцыбіскупскага палаца.

2 снежня Пантыфік наведае з прыватным візітам дом Маці Тэрэзы ў Даке. Затым у Доме Святога Ружанца адбудзецца яго сустрэча з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі. Праз гадзіну папа Францішак наведае могілкі і парафіяльны касцёл Святога Ружанца. Заключным пунктам візіту стане сустрэча з моладдзю. На вечар запланавана афіцыйнае развітанне ў міжнародным аэрапорце ў Даке.

У Рыме Святога Айца будуць чакаць у той жа дзень у 23.00.

Абноўлена 11.10.2017 11:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа