Ужо год існуе новая ватыканская дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Па словах кардынала-прэфекта Кэвіна Фарэла, сфера яе абавязкаў вельмі шырокая. Іерарху спатрэбіўся год, каб зразумець, наколькі вялікімі былі дасягненні Папскіх радаў па справах свецкіх і па справах сям’і, пасля спалучэння якіх узнікла новая дыкастэрыя.
Кардынал Фарэл назваў «наватарскай» ідэю папы Францішка ўключыць сюды пытанні абароны жыцця. Ужо існуе Папская акадэмія Pro Vita, якая займаецца гэтай праблематыкай навуковым чынам. Святы Айцец хоча таксама душпастырскага падыходу.
Кардынал прызнаў, што да гэтага часу яму не ўдалося знайсці кваліфікаваных кандыдатаў на пасаду падсакратароў дыкастэрыі, якія б працавалі ў кожнай з яе секцый. Яны павінны быць свецкімі вернікамі. Іерарх падкрэлівае міжнародны характар новай структуры, таму шукае кандыдатаў за межамі італьянскага асяроддзя.
Між тым, задачы, якія Святы Айцец паставіў перад дыкастэрыяй, вельмі тэрміновыя для рэалізацыі. Патрэбны новы ўдзел свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла. Павінен таксама змяніцца падыход свету і Касцёла да сям’і.
«Трэба прызнаць, што ў сучасным грамадстве існуюць сур’ёзныя праблемы ў гэтых адносінах, — сказаў кардынал Фарэл. — Пачынаючы з неўтаймаванага індывідуалізму, які робіць немагчымай сувязь паміж двума людзьмі, таму што кожны жыве толькі для сябе, і заканчваючы ціскам, які сёння аказваецца на сям’ю. Узяць хаця б эканамічны. Наогул кажучы, нашыя грамадствы ўжо не падтрымліваюць сямейнае жыццё. Наша эканоміка не падтрымлівае сям’ю... Былі часы, калі падтрымка сямейнага жыцця было пытаннем нумар адзін для ўладаў. Сёння гэта не так. Сёння мы падтрымліваем індывідуальнасць. Сужэнства — гэта ваш асабісты выбар. Гэта сур’ёзная памылка, якую мы ўсе зрабілі», — лічыць прэфект дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Электронны адрас Дыкастэрыі:info@laityfamilylife.va
Tel.: +39 06 698 69 300