Папа Францішак і Патрыярх Барталамей І падрыхтавалі сумеснае пасланне, прымеркаванае да Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння. Пра гэта Пантыфік распавёў 30 жніўня падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.
«1 верасня будзе адзначацца Дзень малітвы аб ахове стварэння. З гэтай нагоды я і мой брат Барталамей, Экуменічны Патрыярх Канстанцінопальскі, разам падрыхтавалі пасланне. У ім мы заклікаем усіх з павагай і адказнасцю ставіцца да стварэння. Акрамя таго, мы заклікаем усіх, хто займае ўплывовыя пасады, слухаць крык зямлі і бедных, якія найбольш пакутуюць ад парушэння экалагічнай раўнавагі», — сказаў Пантыфік.
Папа Францішак устанавіў Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння ў 2015 г., падтрымаўшы ініцыятыву праваслаўных хрысціян, якія адзначаюць яго з 1989 г. Пантыфік патлумачыў сваю ініцыятыву жаданнем вызнаўцаў Хрыста «зрабіць свой унёсак у перамогу над экалагічным крызісам, які перажывае чалавецтва», і заклікаў да сапраўднага «экалагічнага навяртання».