Дзяржаўны Сакратар Святога Айца кардынал П’етро Паралін выказаў занепакоенасць з прычыны відэароліка, у якім тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» называе сваёй наступнай мішэнню папу Францішка.
Пра гэта паведамляе Седмица.ру са спасылкай на Прэс-службу Ватыкана.
«Дзяржаўны Сакратар кардынал П’етро Паралін, афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду, заявіў журналістам у суботу, што напярэдадні ўбачыў відэа, якое ўказвае на тое, што Папа Рымскі з’яўляецца мішэнню баевікоў», — гаворыцца ў афіцыйным пасланні Прэс-службы Ватыкана.
Паводле паведамлення, нядаўна на сваім канале ў Telegram баевікі «Ісламскай дзяржавы» змясцілі відэа, пасля прагляду якога ствараецца ўражанне, што Італія і Ватыкан з’яўляюцца наступнай мішэнню іх тэрарыстычных атак.
Па словах кардынала Параліна, відэаматэрыял не можа не выклікаць трывогі, у першую чаргу з-за нянавісці, якая сыходзіць з гэтага роліка. Тым не менш, Ватыкан не будзе ўводзіць дадатковыя меры бяспекі, якія і без гэтага ўжо знаходзяцца на даволі высокім узроўні.