Пошук

06.07.2017 12:01  

Раніцай 5 ліпеня ў 83-гадовым узросце адышоў у вечнасць кардынал Ёахім Майснер, арцыбіскуп Кёльнскі на пенсіі.

У спачувальнай тэлеграме папа Францішак падкрэсліў, што кардынал Майснер «з глыбокай верай і шчырай любоўю да Каталіцкага Касцёла прысвячаў сябе абвяшчэнню Добрай Навіны», і выказаў надзею, што Пан Езус узнагародзіць яго «за адданае і смелае служэнне на карысць людзей Усходу і Захаду» і ўчыніць яго «годным удзелу ў еднасці са святымі ў небе».

Ёахім Майснер нарадзіўся 25 снежня 1933 г. у польскім горадзе Уроцлаве, які на той час з’яўляўся часткай Усходняй Германіі. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў 1945 г. разам з бацькамі пераехаў у заходнюю частку краіны і пасяліўся ў горадзе Мюльхазэн у Цюрынгіі.

Скончыў духоўную семінарыю ў нямецкім Эрфурце. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 22 снежня 1962 г.

Працаваў дапаможным вікарыем у парафіі св. Эгідзія ў горадзе Хайльбад-Хайлігенштадт і парафіі Святога Крыжа ў Эрфурце. З 1963 г. па 1975 г. выконваў паслугу духоўнага настаўніка мясцовага аддзялення дабрачыннай арганізацыі Caritas.

17 мая 1975 г. Ёахім Майснер атрымаў біскупскую сакру з рук Апостальскага адміністратара Эрфурта і Майнінгена арцыбіскупа Хуга Ауфдэрбека.

22 красавіка 1980 г. папа Ян Павел II прызначыў Ёахіма Майснера біскупам Берлінскай архідыяцэзіі, а на кансісторыі 2 лютага 1983 г. узвёў яго ў кардынальскую годнасць. У перыяд 1982-1989 гг. Майснер з’яўляўся старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Германіі. 20 снежня 1988 г. нямецкі іерарх быў прызначаны арцыбіскупам Кёльна і заставаўся на чале архідыяцэзіі да 28 лютага 2014 г., калі папа Францішак прыняў яго прашэнне аб звальненні з гэтай пасады.

У жніўні 2009 г. па запрашэнні беларускіх біскупаў кардынал Ёахім Майснер здзейсніў візіт у Беларусь, дзе ўзначаліў цырымонію каранацыі папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браслаўскай парафіі імя Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (Віцебская дыяцэзія).

Пасля смерці нямецкага іерарха Калегія кадыналаў складаецца з 224 іерархаў, з якіх 121 маюць права голасу на магчымым канклаве.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Абноўлена 10.07.2017 17:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця