
Святы Айцец ухваліў дэкрэты аб прызнанні цуду, мучаніцтва і гераічнасці цнот. Новымі благаслаўлёнымі Касцёла стануць уршулянка з Італіі і францішканін з Гватэмалы.
22 студзеня 2026 года Леў XIV прыняў кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Падчас аўдыенцыі ён ухваліў шэсць дэкрэтаў, падрыхтаваных гэтым ватыканскім ведамствам.
Будучыя благаслаўлёныя
Першы датычыць прызнання цуду, які адбыўся дзякуючы малітве праз заступніцтва італьянскай законніцы Марыі Іньяцыі Ісакі (свецкае імя Анджэла Катарына, вядомая як Анчыла; 1857-1934), заснавальніцы кангрэгацыі Уршулянак Найсвяцейшага Сэрца Езуса з Азолы.
Другі дэкрэт прызнае мучаніцтва францішканіна з Гватэмалы, айца Аўгуста Рафаэля Рамірэса Манастэрыа (1937-1983), забітага з нянавісці да веры ў кантэксце антыкаталіцкага пераследу падчас грамадзянскай вайны ў гэтай краіне.
Прызнанне Апостальскай Сталіцай цуду і мучаніцтва адкрывае шлях да беатыфікацыі сястры Марыі Іньяцыі і айца Аўгуста Рафаэля.
Прызнанне гераічнасці цнот
Яшчэ чатыры дэкрэты, ухваленыя Святым Айцом, датычаць прызнання гераічнасці цнот: італьянскіх законніц, Марыі Тэклы Антоні Рэлучэнці (1704-1769), сузаснавальніцы кангрэгацыі Пабожных Дзейсных Сясцёр Беззаганнага Зачацця, і Крачэфісы Мілітэрні (свецкае імя Тэрэза; 1874-1925) з кангрэгацыі Сясцёр Святога Яна Хрысціцеля; бразільскай законніцы Марыі Імакуляты Найсвяцейшай Тройцы (свецкае імя Марыя Грызэльда Вілела; 1909-1988), заснавальніцы Кармэля Святой Сям’і ў Позу-Алегры; а таксама італьянца Нэрына Коб’янкі (1945-1998), свецкага верніка і главы сям’і.






