
Пасля першага галасавання на канклаве 7 мая над Сікстынскай капэлай з'явіўся чорны дым — знак таго, што кардыналы пакуль не абралі новага Пантыфіка.
Увечары 7 мая ў Ватыкане адбыўся першы тур галасавання на канклаве. Каля 22.00 (тут і далей па мінскім часе) з коміна Сікстынскай капэлы пайшоў чорны дым, які сведчыць пра тое, што кардыналы не дасягнулі неабходнай большасці ў дзве траціны галасоў для абрання новага Пантыфіка.
У гісторыі правядзення канклава яшчэ не было выпадку, каб Папа быў абраны ў першым туры галасавання. Цікава таксама тое, што інфармацыя пра вынік першага галасавання кардыналаў выбаршчыкаў чакалася, пачынаючы ад 20.00, аднак чорны дым з'явіўся толькі пасля 2-х гадзін чакання.
Чорны дым з'яўляецца ў выніку змешвання бюлетэняў галасавання са спецыяльнымі хімічнымі рэчывамі. Гэта традыцыйны візуальны сігнал, які паведамляе свету аб выніку галасавання. Чорны дым азначае, што канклаў працягваецца, у той час як белы дым абвяшчае аб абранні новага Папы.
Паводле інфармацыі Беларускай рэдакцыі парталу Vatican News са спасылкай на кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні, калі ў першы дзень новы Папа не будзе абраны, то ў наступныя дні кардыналы будуць прытрымлівацца наступнага парадку: у 8.45 — пераход з Дома святой Марты ў Апостальскі палац; у 9.15 — святая Імша і Ютрань у Паўлінскай капэле; у 10.15 — пачатак галасавання ў Сікстынскай капэле. Магчымае з’яўленне дыму: пасля 11.30 і пасля 13.00.
У 13.30 кардыналы адправяцца ў Дом святой Марты на адпачынак; у 16.45 — вяртанне ў Апостальскі палац; у 17.30 — пачатак галасавання ў Сікстынскай капэле. Магчымае з’яўленне дыму: пасля 18.30 і пасля 20.00. Калі новы Папы зноў не будзе абраны, кардыналы разам памоляцца Нешпары і каля 20.30 вернуцца ў Дом святой Марты.
Кожны дзень, за выключэннем першага, будуць адбывацца чатыры галасаванні, а спаленне бюлетэняў будзе праводзіцца толькі двойчы — пасля другога і чацвёртага галасавання, за выключэннем сітуацыі, калі новага Папу абяруць падчас першага ці трэцяга галасавання. Таму з’яўленне дыму каля 11.30 і 18.30 трэба чакаць у выпадку станоўчага выніку галасавання, а ў 13.00 і 20.00 — незалежна ад выніку галасавання.