Пошук

10.10.2024 12:06   Паводле: Vatican News BY
Ілюстрацыйнае фота з асабістага архіву б-па А. Яшэўскага SDB

Увечары 9 кастрычніка ў межах Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, другая сесія якога цяпер праходзіць у Рыме, адбыўся тэалагічна-душпастыскі форум, прысвечаны біскупскаму служэнню.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у ім узялі ўдзел касцёльныя іерархі, тэолагі, эксперты ў кананічным праве, гісторыкі і душпастыры.

Сабраўшыяся ў актавай зале Папскага патрыстычнага інстытута Аўгустыніянум, яна засяродзіліся на ролі і аўтарытэце біскупаў у Касцёле сінадальным.

Падчас першага дакладу, які прадставіў прафесар Карлас Марыя Галі з Аргенціны, акрэсліўшы біскупаў «братамі» і «сябрамі», адзначалася, што біскупы пакліканы быць часткай «Божага народа» і служыць Касцёлу, кіруючыся прыкладам Хрыста, які «кіраваў праз служэнне».

Дакладчык заўважыў, што галоўныя функцыі біскупаў — гэта «абвяшчэнне і сведчанне», а таксама распазнаванне «харызмаў людзей і супольнасцяў у святле евангелізацыйнай місіі».

Тэолаг нагадаў, што біскупы не валодаюць «паўнатой харызмаў», таму павінны ўмець дэлегаваць некаторыя функцыі і прызнаваць свае памылкі.

На яго думку, біскупы павінны мець не толькі душпастырскіх дарадчыкаў, але і тэалагічных.

Іншы ўдзельнік форуму, кардынал-намінант Рабэрто Рэполе, арцыбіскуп Турынскі, нагадаў, што служэнне біскупа не прадугледжвае незалежнасці ад Божага народа, даверанага яму. Ён пагадзіўся з прафесарам Галі адносна таго, што біскуп пакліканы збіраць дары, якія пасылае Святы Дух. Іерарх падкрэсліў важнасць Другога Ватыканскага Сабору, на якім былі выразна акрэслены тры фундаментальныя заданні служэння пасвячаных асоб: абвяшчэнне, цэлебрацыя і пастырскае кіраванне.

Сястра Глорыя Ліліяна Франка Эчэвэры, старшыня Лацінаамерыканскай канфедэрацыі законніц (CLAR), у сваю чаргу, адзначала важнасць малітвы біскупаў аб ласцы наследавання стылю Хрыста. Яна казала пра неабходнасць большага ўдзелу кіраўнікоў дыяцэзій у душпастырстве.

На думку сястры, біскупы павінны добра ведаць рэаліі сваёй супольнасці, быць гатовымі вучыцца, падтрымліваць і будаваць адносіны з людзьмі.

Ксёндз Матэо Візіёлі, выкладчык Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта, спецыяліст у сферы абароны непаўналетніх, казаў пра важнасць здольнасці біскупа ажыццяўляць калектыўнае кіраванне, «без тэндэнцыі да манархіі»; перадачы некаторых функцый у кіраванні Касцёлам адпаведным для гэтага задання ахрышчаным вернікам; а таксама ўмення здзейсняць служэнне ў духу празрыстасці і несці адказнасць за свае дзеянні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа