Пошук

03.09.2024 09:16   Тэкст і фота: Прэс-служба OFMCap / Catholic.by

31 жніўня ў Ватыкане Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў 86-а Генеральнага капітулу Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.

Кустодыю Беларусі на капітуле прадставіў яе настаяцель, брат кусташ Алег Шэнда OFMCap.

У суботу на світанні дэлегаты Генеральнага капітулу прыбылі ў Апостальскі палац, каб заняць месцы ў зале Клімэнта VIII у чаканні сустрэчы з Папам Францішкам, якая была прызначана на восьмую гадзіну раніцы.

Перад тым, як распачалася афіцыйная частка аўдыенцыі, Святы Айцец падзяліўся асабістым вопытам адносін са сваімі знаёмымі братамі капуцынамі.

Падчас сустрэчы Пантыфік звярнуўся да прысутных, заклікаўшы іх слухаць адзін аднаго і разважаць «на мове Духа». Папа Францішак акцэнтаваў увагу на чалавеку і чалавечых адносінах, якія будуюцца з дапамогай простай размовы. Пастыр пасўюднага Касцёла, які сам з’яўляецца манахам, падкрэсліў важнасць харызмы братоў капуцынаў ісці туды, дзе ў іх маюць патрэбу, не звяртаючы ўвагі на страх і перашкоды.

Святы Айцец падзякаваў капуцынам за іх адкрытасць у стварэнні спрыяльных умоваў для вырашэння шматлікі канфліктаў, якія ўзнікаюць у сучасным свеце. Ён таксама заклікаў больш рупліва клапаціцца пра фармацыю братоў і распазнанне новых пакліканняў, бо свет сёння патрабуе Божай любові, якая дакранаецца да сэрца вернікаў праз адданую працу і сведчанне сапраўднага жыцця.

Таксама Папа Францішак па-айцоўску заклікаў сыноў святога Францішка мужна крочыць наперад, непахісна трымаючыся догматаў веры і ідучы шляхам праўды і міру.

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец удзяліў апостальскае бласлаўленне і прывітаў кожнага брата паасобку.

У сустрэчы з Папам разам з іншымі дэлегатамі капітулу ўдзельнічаў таксама прадстаўнік Беларусі брат Алег Шэнда OFMCap.

«У прамове Папы Францішка увесь час гучала як галоўны лейтматыў, каб чалавек заставаўся цэнтрам у жыцці кожнага з нас. Ні раскоша, ні прагнасць, ні багацце, ані рэсурсы, а толькі чалавек. Чалавек у глабальным значэнні і чалавек як асоба, якая патрабуе ўвагі, любові, стасункаў», — адзначыў брат Алег.

Абноўлена 03.09.2024 09:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця