50 тысяч міністрантаў з 20-і краін свету прыбылі ў Рым у міжнароднай пілігрымцы.
Як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, іх пяцідзённня сустрэча праходзіць у Вечным горадзе з 28 ліпеня па 3 жніўня пад дэвізам «З Табой» (Іс 41, 10), а яе цэнтральным пунктам стане сустрэча з Папам Францішкам у аўторак увечары.
«Мы хочам адчуць, што разам мы — Касцёл; малады і дынамічны Касцёл, у якім міністранты з’яўляюцца прывілеяванымі сведкамі Хрыста ў сваіх парафіях і дыяцэзіях», — напісаў Старшыня Міжнароднай асацыяцыі міністрантаў кардынал Жан-Клод Ольрыш у лісце з запрашэннем у пілігрымку. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё ён падкрэсліў, што міністранты павінны стаяць побач з патрабуючымі, слабымі і адкінутымі. Кардынал Ольрыш таксама адзначыў важнасць сустрэчы са Святым Айцом.
«Я лічу, што гэта вельмі важная сустрэча, таму што міністранты маюць цудоўнае служэнне. Кожную нядзелю яны ходзяць у касцёл на святую Імшу служыць. Тэма пілігрымкі нагадвае нам, што яна азначае перш за ўсё быць з Богам, з Езусам Хрыстом, але таксама з сябрамі і аднагодкамі. Калі мы маем адносіны з Езусам, мы таксама з нашым братам, з нашай сястрой, якая слабейшая, якая знаходзіцца на ўзбочыне грамадства. Нельга служыць на Імшы, не жывучы, не адчуваючы гэтай салідарнасці і місіі з самымі беднымі ў грамадстве», — падкрэсліў кардынал Ольрыш.
Ён звярнуў увагу на тое, што міністрант або акаліт заўсёды павінен быць побач з самым слабым, нават сярод яго сяброў і знаёмых.
«Папа — вялікі прапаведнік Евангелля, ён вялікі сведка Евангелля, ён — Пётр, таму важна бачыць яго, чуць яго голас, прымаць яго вучэнне, каб лепш выконваць гэтую паслугу пры алтары, што таксама з’яўляецца паслугай нашым братам і сёстрам», — падкрэсліў прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі міністрантаў кардынал Жан-Клод Ольрыш.