6 мая ў Ватыкане пройдзе традыцыйная штогадовая цырымонія прысягі новых рэкрутаў Папскай швейцарскай гвардыі. Сёлета прысягу дадуць 34 гвардзейцы.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, рэкруты ўрачыста прысягнуць бараніць Папу і ўсіх яго законных наступнікаў, не шкадуючы сіл, а калі будзе неабходна — нават коштам уласнага жыцця. Яны паабяцаюць павагу, вернасць і паслухмянасць сваім камандзірам і папросяць дапамогі ў Бога і святых. 16 навабранцаў прачытаюць тэкст прысягі па-нямецку, 16 — па-французску, 2 — па-італьянску і 2 — па-рэтараманску, паводле свайго паходжання.
Цырымонія пройдзе ўвечары на падворку святога Дамаса ватыканскага Апостальскага палаца.
Ёй будзе папярэднічаць святая Імша ў базыліцы святога Пятра, цэлебрацыю якой раніцай узначаліць кардынал П’етро Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Францішка.
Днём раней, 5 мая, члены вайсковага корпуса збяруцца на малітву Нешпараў у ватыканскім касцёле Санта-Марыя-Дэлля-П’ета на Кампа-Санта-Тэўтоніка. Потым на плошчы Рымскіх першамучанікаў адбудзецца ўскладанне вянка ў памяць пра 189 гвардзейцаў, якія загінулі 6 мая 1527 года пры абароне Папы Клімэнта VII ад войскаў імператара Карла V, і ўручэнне ўзнагарод. Ад імя Папы Францішка цырымонію ўзначаліць Субстытут па агульных справах Дзяржаўнага сакратарыяту арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара.
З нагоды прысягі рэкрутаў Папскай гвардыі ў Ватыкан прыбудзе афіцыйная дэлегацыя Швейцарскай Канфедэрацыі пад кіраўніцтвам Віцэ-прэзідэнта Віёлы Амэрд. У склад дэлегацыі будуць уваходзіць высокапастаўленыя прадстаўнікі швейцарскага ўраду, арміі, мясцовых уладаў і епіскапату.