19 сакавіка было абнародавана Пасланне Папы Францішка на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях, які сёлета будзе адзначацца 21 красавіка пад дэвізам «Пакліканыя сеяць надзею і будаваць мір».
Як паведаміла Польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, Святы Айцец у сваім пасланні напісаў маладым людзям, асабліва тым, якія адчуваюць сябе далёка ад Касцёла або не давяраюць яму: «дайце Езусу захапіць вас, скіроўвайце Яму вашы важныя пытанні праз старонкі Евангелля».
Папа нагадаў, што гэты дзень штогод «заахвочвае нас да разважання над каштоўным дарам паклікання, якое Пан скіроўвае кожнаму з нас, свайму вернаму народу ў дарозе, каб мы маглі ўдзельнічаць у Яго плане любові і ўцелаўляць прыгажосць Евангелля ў розных станах жыцця».
Гэты дзень асаблівым чынам прысвечаны «малітве, каб выпрасіць у Айца дар святых пакліканняў для будавання Яго Валадарства».
Гаворачы пра тэму сёлетняга Дня малітваў аб пакліканнях, Папа Францішак нагадаў, што асновай хрысціянскай надзеі з’яўляецца абяцанне, якое нам даў Пан Езус, «што Ён застанецца з намі назаўсёды і зробіць нас удзельнікамі справы адкуплення». Гэтую надзею абуджае ўваскрасенне Хрыста. «Адкупленне, якое адбылося ў пасхальнай падзеі, дае надзею — пэўную, несумненную надзею, з якой мы можам супрацьстаяць выклікам сучаснасці», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла. Ён растлумачыў, што «быць пілігрымамі надзеі і будаўнікамі міру азначае будаваць сваё жыццё на скале ўваскрасення Хрыста, ведаючы, што кожная наша ініцыятыва ў пакліканні, якое мы прынялі і рэалізуем, не бывае дарэмнай. Нягледзячы на паражэнні і няўдачы, дабро, якое мы засяваем, расце ў цішыні», — адзначыў Папа Францішак.
Ён таксама нагадаў пра кантэкст, у якім Касцёл сёлета будзе перажываць Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях. Па словах Святога Айца, гэта і Год малітвы, які цяпер праходзіць, і падрыхтоўка да Юбілею 2025 года.
«Пойдзем жа як пілігрымы надзеі ў кірунку да Святога года, каб мы, нанава адкрываючы сваё пакліканне ў адпаведнасці з рознымі дарамі Духа Святога, былі ў свеце носьбітамі і сведкамі мары Езуса: ствараць адну сям’ю, аб’яднаную ў любові Бога і злучаную повязі любові, дзялення і братэрства», — напісаў Папа Францішак.