Пошук

07.03.2024 20:09   Vatican News
Фота: Vatican Media

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 6 сакавіка на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек уручыў Папу Францішку копію абраза Маці Божай Жыровіцкай.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, архімандрыт Гаек выказаў Святому Айцу падзяку ад беларускіх грэка-католікаў за стварэнне Апостальскай адміністратуры, а таксама павіншаваў яго з адзінаццатай гадавінай абрання на Пасад святога Пятра, якая будзе адзначацца 13 сакавіка.

У якасці дару святар уручыў Папу Францішку паменшаную копію абраза Маці Божай Жыровіцкай, выкананую на мармуры ў адной з мінскіх майстэрняў.

Апостальская адміністратура для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі была створана па рашэнні Папы Францішка 30 сакавіка мінулага года. Апостальскім адміністратарам гэтай касцёльнай структуры быў прызначаны архімандрыт Сяргей Гаек, дагэтуль Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў.

У студзені 2023 года Святы Айцец маліўся перад копіяй абраза Маці Божай Жыровіцкай, якая была выстаўлена падчас агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI. Пантыфік прасіў Багародзіцу аб дары міру ва Украіне, дзе таксама шырока вядомы і шанаваны гэтая ікона — першы Марыйны абраз, каранаваны папскімі каронамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі (1730 г.).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця