Пошук

04.03.2024 13:46   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Stefano Rellandini / Reuters

25–26 мая ў Рыме адбудуцца Першыя Сусветныя дні дзяцей. Святы Айцец адрасаваў пасланне да хлопчыкаў і дзяўчынак з усяго свету.

Са зместам папскага паслання знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Вось чыню ўсё новае» (Ап 21, 5) — пад такім дэвізам дзеці ва ўсім Касцёле будуць адзначаць сваё свята 25–26 мая.

«Звяртаюся перш за ўсё да кожнага з вас асабіста, да цябе, дарагая дзяўчынка, да цябе, дарагі хлопчык, таму што „ты каштоўны“ ў вачах Бога»,

— так пачынаецца пасланне Папы на Першыя Сусветныя дні дзяцей.

Папа Францішак адрасаваў сваё пасланне «да ўсіх». Ён патлумачыў чаму: «Таму што ўсе вы важныя і таму, што разам, блізкія і далёкія, выказваеце жаданне кожнага з нас развівацца і абнаўляцца».

Святы Айцец параіў дзецям «заўсёды ўважліва слухаць аповеды дарослых: мам, татаў, бабуль і дзядуляў, прадзедаў», і ў той жа час не забывацца пра тых аднагодкаў, якія «змагаюцца з хваробамі і цяжкасцямі, у шпіталі ці дома, якія сталі ахвярай вайны і насілля, якія пакутуюць ад голаду і смагі, жывуць на вуліцах, вымушаныя стаць салдатамі ці ўцякаць у якасці бежанцаў, разлучаныя з бацькамі, не могуць хадзіць у школу, з’яўляюцца ахвярамі злачынных груповак, наркотыкаў ці іншых форм рабства і эксплуатацыі», «словам, пра ўсіх тых дзяцей, у якіх да сёння жорстка адымаюць дзяцінства».

«Мае маленькія сябры, каб абнавіць сябе і свет, нам недастаткова быць разам паміж сабой: мы павінны быць з’яднаныя з Езусам. <…> З Панам мы можам марыць аб новым чалавецтве і прысвяціць сябе больш братэрскаму грамадству, якое клапоціцца пра наш супольны дом, пачынаючы з простых рэчаў, такіх як прывітанне іншых, просьба аб дазволе і прабачэнні, слова „дзякуй“», — напісаў Папа Францішак у пасланні, апублікаваным 2 сакавіка. Пастыр паўсюднага Касцёла заўважыў, што «свет змяняецца ў першую чаргу праз малыя рэчы».

Святы Айцец нагадаў дзецям, што самотна не можна здабыць шчасця, бо «радасць расце ў той жа ступені, у якой мы ёю дзелімся — яна нараджаецца з падзякі за дары, якія мы атрымалі і якімі, у сваю чаргу, дзелімся з іншымі». «Сяброўства неверагодна прыгожае і развіваецца толькі тады, калі мы дзелімся з іншымі і прабачаем, з цярплівасцю, адвагай, творчасцю і фантазіяй, без страху і прадузятасці», — звярнуў увагу Пантыфік.

«А цяпер я хачу адкрыць вам важную таямніцу: каб быць па-сапраўднаму шчаслівымі, трэба маліцца, маліцца шмат кожны дзень, таму што малітва злучае нас непасрэдна з Богам, напаўняе нашыя сэрцы святлом і цеплынёй і дапамагае нам усё рабіць з даверам і спакоем», — напісаў Святы Айцец дзецям.

Папа Францішак запрасіў дзяўчынак і хлопчыкаў сустрэцца ў Рыме 25–26 мая , а каб добра падрыхтавацца, рэкамендаваў ім маліцца словамі Езуса — прамаўляць «Ойча наш» кожную раніцу і кожны вечар, па магчымасці ў сям’і, з бацькамі, братамі, сёстрамі, бабулямі і дзядулямі.

Завяршаючы пасланне, Папа Францішак прапанаваў дзецям сваю малітву: «Прыйдзі, Духу Святы, пакажы нам сваю прыгажосць, якая адлюстроўваецца ў абліччах дзяўчынак і хлопчыкаў зямлі. Прыйдзі, Езу, які чыніш усё новае, які ёсць дарогай, што вядзе нас да Айца, прыйдзі і заставайся з намі. Амэн».

Плануецца, што на сустрэчу са Святым Айцом у Рым скіруецца група дзяцей з Беларусі. Група набраная, і запіс ужо завершаны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.