Каля 300 законнікаў і законніц, кансэкраваных вернікаў і верніц з 60-і краін свету збяруцца разам у Ватыкане ў першыя дні лютага ў межах падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сустрэча будзе праходзіць па ініцыятыве Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Кожны дзень форума будзе прысвечаны асобнай тэме: 1 лютага — Верыць у надзею; 2 лютага — Узрастасць у любові; 3 лютага — З сілай веры; 4 лютага — Сведчыць пра надзею.
У круглых сталах будуць браць удзел прадстаўнікі некаторых струкрур Рымскай Курыі, сярод якіх сястра Алесандра Змэрыллі FMA, сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, і айцец Паўлін Батаірва Кубуя SX, падсакратар Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.
2 лютага, у Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, удзельнікі ватыканскай сустрэчы возьмуць удзел у святой Імшы ў базыліцы святога Пятра, цэлебрацыю якой узначаліць Папа Францішак.
Галоўнай тэмай форуму будуць надзея і мір. Яна была выбрана ў якасці адказу на заклік Святога Айца пазначыць юбілейны шлях у Касцёле стварэннем атмасферы надзеі і даверу, што дапаможа адрадзіцца ўсяму чалавецтву. «Мы будзем разам рыхтавацца да Юбілею згодна з каштоўнасцямі, якія сам Папа вылучыў: гэта значыць быць „пілігрымамі надзеі“ ў час, калі так шмат людзей пакутуюць ад войнаў і хвароб», — сказаў у каментары для Vatican News прэфект Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця кардынал Жуан Брас дзі Авіс.
Тэме надзеі і міру будзе таксама прысвечана сустрэча кансэкраваных асоб з усяго свету, якая адбудзецца ў Рыме падчас Юбілею 8–9 кастрычніка 2025 года: «Пілігрымы надзеі на шляху да міру». Яна мае на мэце падкрэсліць заданне кансэкраваных асоб быць носьбітамі прымірэння ў сваіх краінах.