Дыкастэрыя па справах свецкіх зацвердзіла 117-ю міжнародную супольнасць вернікаў, якой стала італьянская харызматычная супольнасць Magnificat.
Статут супольнасці, утворанай у 1978 годзе ў Перуджы, быў зацверджаны ad experimentum на пяць гадоў.
Дэкрэт аб прызнанні Касцёлам міжнароднай супольнасці вернікаў быў уручаны 19 студзеня ў сядзібе Дыкастэрыі па справах свецкіх.
З рук сакратара гэтай ватыканскай Дыкастэрыі Глэйсана дэ Паўла Соўзы зацверджаны статут прыняла мадэратар супольнасці Марыя Рыта Кастэлляні.
Пачаткам супольнасці стаў перажыты хрост у Духу Святым групай людзей, сабраных вакол дзвюх сем’яў у Перуджы, якія пасля гэтага пачалі весці супольнае і евангелізацыйнае жыццё. Яны распаўсюдзіліся ў розных дыяцэзіях Італіі дзякуючы арганізацыі фармацыйных і малітоўных сустрэч, біблійных катэхез, Эўхарыстычнай адарацыі, семінараў новага жыцця ў Духу, рэкалекцый, адкрытых для ўсіх ахвотных летнікаў, а таксама місійных падарожжаў, якія прывялі да стварэння брацтваў у Румыніі, Турцыі, Аргентыне, Угандзе і Пакістане.
Місійны стыль супольнасці Magnificat падтрымліваецца глыбокім эўхарыстычным жыццём і братэрскім супольным жыццём, што ўмацоўвае веру. Члены супольнасці займаюцца духоўным суправаджэннем, якое заключаецца ў слуханні і малітве ў інтэнцыі асобы, якую суправаджаюць, што часта прыводзіць да яе навяртання дзякуючы ласцы Святога Духа.
Істотную ролю адыгрывае таксама карытатыўная дзейнасць, у прыватнасці, дапамога пакінутым дзецям і тым, хто ў патрэбе.
Сёння існуе 29 брацтваў і яшчэ сем знаходзяцца ў стане стварэння. Дзейнічаюць таксама 12 місій у розных частках свету.
Дэкрэт Дыкастэрыі мае дату 8 снежня 2023 года. На гэты дзень прыпадала 45-я гадавіна заснавання Magnificat, якую першым прызнаў супольнасцю вернікаў у 1995 годзе арцыбіскуп Перуджы Энніо Антанэллі.