Пошук

21.11.2023 17:03   Паводле: Deon.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: IStock

У аўторак 21 лістапада на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане распачалося будаўніцтва калядных ясляў, у адпаведнасці са звычаем, уведзеным святым Янам Паўлам ІІ.

Як са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва РАР адзначае Deon.pl, сёлетнія яслі будуць нагадваць пра першую такую жывую батлейку, створаную 800 гадоў таму па ініцыятыве святога Францішка Асізскага. Калядная елка на ватыканскую плошчу ў гэтым годзе будзе дастаўлена з П’емонта, што на поўначы Італіі.

Як паведаміў Губернатар дзяржавы Ватыкан, яслі перад базылікай сваёй атмасферай і сцэнаграфіяй будуць нагадваць батлейку 24 снежня 1223 года, калі святы Францішак, вярнуўшыся з падарожжа на Святую Зямлю, вырашыў узнавіць сцэну Нараджэння Езуса ў мясціне, якая яму нагадвала Бэтлеем. Гэта была вёсачка Грэча каля Р’еці ў цэнтральнай Італіі, размешчаная сярод скалаў на адгор’і на вышыні 700 метраў над узроўнем мора.

Менавіта там па просьбе святога Францішка сцэну Нараджэння Езуса Хрыста ўзнавілі сужонкі Джаванні і Альцікана Вэліта, трое сабратоў Францішка і некалькі пастухоў з наваколля. Так нарадзілася традыцыя ясляў, або батлеек.

У Ватыкане з’явіцца копія Грэча з яго санктуарыем і напамінам пра ўсё наваколле Р’еці ў сталічным рэгіёне Лацыё.

Канструкцыю выканаюць майстры паводле праекту спецыяліста батлейкавага мастацтва Франчэско Артэзэ. У яслях будуць змешчаны зробленыя з распісной тэракоты фігуры ў натуральную велічыню ў адзенні часоў святога Францішка Асізскага — ХІІІ стагоддзя. Там таксама будзе яго фігура і блакітная стужка, што сімвалізуе ваду — крыніцу жыцця.

Яслі будуць мець васьмівугольную форму, што сімвалізуе васьмісотую гадавіну з часу стварэння першай батлейкі, а таксама з часу зацвярджэння Папам Ганорыем ІІІ статуту Ордэна святога Францішка.

Амаль 25-метровая яліна будзе прывезена ў бліжэйшыя дні ў Ватыкан з невялікай альпійскай мясцовасці Макра ў П’емонце. Дрэва буде ўпрыгожана, між іншым, тысячамі кветак — славутых альпійскіх эдэльвейсаў — сімвалам гэтага горнага краю. Гэтае аздабленне будзе выканана ў духу «экалагічнай» энцыклікі Папы Францішка Laudato si’ і, як падкрэслілі ў Ватыкане, будзе моцна адрознівацца ад таго, што было тут у папярэднія гады.

Інаўгурацыя ясляў, падчас якой на ялінцы запаляцца святочныя агеньчыкі, прызначана на 9 снежня. Гэты звычай быў уведзены ў 1982 годзе святым Папам Янам Паўлам ІІ.

Абноўлена 22.11.2023 09:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця