Пошук

10.11.2023 11:55   Vatican News
Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц

Рэктары і супрацоўнікі санктуарыяў з розных частак свету сабраліся разам у Ватыкане на трохдзённую сустрэчу, арганізаваную Дыкастэрыяй па евангелізацыі ў святле падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Міжнародная канферэнцыя адбываецца ў Зале Паўла VI з 9 па 11 лістапада. У заключны дзень форуму яго ўдзельнікаў прыме на аўдыенцыі Папа Францішак.

Тэма сустрэчы: «Санктуарый — дом малітвы. На шляху да Юбілею 2025».

Яе праграма прадугледжвае шматлікія лекцыі, якія адлюструюць розныя аспекты малітоўнай дзейнасці, магчымай у санктуарыях. Гаворка будзе ісці пра заступніцкую малітву, малітву грэшніка, малітву ў мастацтве, народную малітву. З гэтымі тэмамі пазнаёмяць выкладчыкі папскіх навучальных устаноў Рыма і душпастыры з розных краін.

Кардынал Анджэло Камастры, арцыпрэзбітэр эмэрыт базылікі святога Пятра ў Ватыкане, распавядзе пра тое, як прымаць і праводзіць пілігрымаў, а вядомы кампазітар ксёндз Марко Фрызіна прачытае даклад, прысвечаны малітве музыкай і спевам. Удзельнікі форуму пазнаёмяцца таксама з праектам «Перапіс санктуарыяў у касцёльных рэгіёнах Італіі», які прадставіць прафесар Джусціна Ачэта, выкладчыца Папскага тэалагічнага факультэта Марыянум.

Перад сустрэчай са Святым Айцом, у суботу 11 лістапада, арцыбіскуп Рыно Фізікела, про-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, прачытае лекцыю на тэму «Санктуарый на шляху да Юбілею надзеі», а некалькі сведчанняў пазнаёмяць з малітвай у міжнародных санктуарыях. У праграме форуму прадугледжана таксама Імша у ватыканскай базыліцы святога Пятра і канцэрт дзіцячага хору Le Dolci Note.

Міжнародная сустрэча рэктараў і супрацоўнікаў санктуарыяў з розных краін свету адбываецца ў Ватыкане не ўпершыню.

Папярэдні такі форум прайшоў у 2018 годзе. Тады ён быў прысвечаны тэме: «Санктуарый — адчыненыя дзверы для новай евангелізацыі».

Абноўлена 10.11.2023 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця