Беларускі іерарх Аляксандр Яшэўскі прыняў удзел у першай сесіі Асамблеі Сіноду Біскупаў і падзяліўся думкамі і планамі па яе заканчэнні.
Як паведамляе Беларуская служба Vatican News, у Сінодзе іерарх прымаў удзел упершыню, і яго асаблівыя ўражанні звязаны з фарматам правядзення ватыканскай асамблеі.
«Гэты Сінод — адметны, тут быў абраны зусім новы фармат дзейнасці: дыялог у Духу Святым. У невялікіх групах кожны з удзельнікаў меў магчымасць выказаць погляды і меркаванні свайго Касцёла і сваёй краіны. Пасля гэтага была хвіліна цішыні, малітвы і роздуму.Другі момант — магчымасць выказаць тое, што цябе найбольш кранула з выказванняў удзельнікаў групы. Гэта не працяг твайго выказвання, а аналіз і абмеркаванне таго, што было сказана іншымі. І трэцяе, што патрабавалася — сабраць тое, што стала вынікам сумеснай працы. Гэты метад мне спадабаўся, і я лічу яго эфектыўным — ён дазваляе сабраць усё тое супольнае, важнае для ўсіх», — падкрэсліў біскуп у інтэрв’ю для Vatican News.
Кожны дэлегат звяртаў увагу на розныя аспекты, але агульнай стала тэма сінадальнасці. Гэта, лічыць беларускі іерарх, той шлях, па якім павінен рухацца Касцёл. За гэтым словам стаіць аб’яднанне пры вырашэнні ўсіх пытанняў.
«Гэта спосаб дзеяння, разуменне, куды Касцёлу ў Беларусі трэба рухацца, ён вельмі нам патрэбны — супольна, усе члены Касцёла, павінны распазнаваць, вырашаць, у якім кірунку ісці», — дадаў ён.
Што датычыцца канкрэтных крокаў, якія можна зрабіць у бліжэйшы час для рэалізацыі ідэй Сіноду, у біскупа ўжо ёсць думкі. Напрыклад, актывізаваць працу парафіяльных рад.
«Калі казаць на ўзроўні нашых парафій, мы павінны звяртаць больш увагі на парафіяльныя рады, якія існуюць часта фармальна, калі рашэнні прымаюць самі духоўныя асобы. Але сапраўдныя рады павінны працаваць.
Першы крок, які мы павінны зрабіць, гэта актывацыя нашых парафіяльных супольнасцяў, не дзе пробашч вырашае, а дзе ёсць супольная дзейнасць і супольнае прыняцце рашэнняў — сёстрамі, катэхетамі, прэзбітэрамі. На ўзроўні дыяцэзіі патрэбна не толькі святарская рада, але і душпастрыская, у якой павінны дзейнічаць і людзі свецкія. У некаторых парафіях ёсць душпастырскія рады, але яны неабавязковыя. І на Сінодзе размова была аб тым, каб надаць душпастырскай радзе абавязковы кананічны статус», — падзяліўся біскуп Яшэўскі.
Выніковы дакумент першай сесіі Сіноду кажа пра служэнне дыяканаў, прэзбітэраў, манаскіх асоб, якім у першую чаргу выказана падзяка, а таксама вызначана стратэгія камунікацыі з біскупам, які павінен выслухаць спачатку ўсіх, затым некаторых, а потым прыняць рашэнне.
Закранулі на асамблеі і ролю жанчын, а таксама перспектывы іх больш актыўнага ўключэння ў жыццё Касцёла.
«Касцёл у Беларусі не выключэнне, жанчыны адыгрываюць значную ролю — яны падтрымліваюць духоўна і матэрыяльна. Яны з’яўляюцца тымі, хто найбольш ахвярна аддае сябе служэнню нашага Касцёла. І таму на Сінодзе казалі аб пераглядзе месца і ролі служэння жанчын у Касцёле: гэта асобы, якія маюць свой досвед як матулі, як бабулі, і могуць дапамагчы парадамі, пераасэнсаваннем, унесці багацце ў жыццё Касцёла. Жанчыны маюць што сказаць і што даць Касцёлу, таму мы таксама павінны пераглядзець ролю жанчын.
Касцёл змяняецца, ён пераглядае сферы дзейнасці, у якіх могуць прымаць удзел свецкія людзі. Напрыклад, у некаторых краінах пасаду афіцыяла касцёльнага суда займаюць жанчыны, таму што яны вельмі прафесійныя і адукаваныя ў гэтай справе. Я лічу, што ў перспектыве Касцёл у Беларусі зможа даць належную кананічную, тэалагічную адукацыю, каб адпаведную пасаду і ў нашай краіне таксама займала свецкая жанчына або манахіня», — адзначыў іерарх.
Біскуп Яшэўскі падчас Сіноду меў магчымасць паразмаўляць з Пантыфікам і запэўніць яго ў малітвах вернікаў.
Папа, у сваю чаргу, адказаў, што моліцца за Беларусь.
Што датычыцца мэты Сіноду, дэлегат Касцёла ў Беларусі ўпэўнены: форум запусціў працэс сінадальнасці. Усе дэлегаты вяртаюцца ў свае краіны з вялікай колькасцю інфармацыі для асэнсавання, каб у наступным, 2024 годзе сабрацца на другую сесію Сіноду ўжо з канкрэтнымі прапановамі, распрацаванымі супольна з тэматычнымі камісіямі і сваёй паствай.