30 верасня Папа Францішак узначаліў на плошчы Святога Пятра Звычайны публічны кансісторый па прызначэнні новых кардыналаў. Кардынальскую годнасць на ім атрымаў 21 іерарх, двое з якіх маюць сувязь з Беларуссю.
Гаворка ідзе перадусім пра арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, які на працягу чатырох гадоў быў Апостальскім нунцыем у Беларусі, з адмысловай місіяй наведаў нашу краіну ў 2020 годзе, а падчас сёлетняга Будслаўскага фэсту прадстаўляў на ім Папу Францішка ў якасці яго спецыяльнага пасланніка. Акрамя таго, кардыналам стаў яшчэ адзін былы нунцый у Беларусі: арцыбіскуп Агасціно Маркэта, адзін з першых пастаянных прадстаўнікоў Папы ў нашай краіне.
Паведамляючы пра кансісторый, Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News удакладняе, што сярод новапрызначаных сёння кардыналаў 18 з’яўляюцца выбаршчыкамі, гэта значыць удзельнікамі канклаву па выбары Папы.
Урачыстая цырымонія ў Ватыкане прайшла ў прысутнасці амаль 12 тысяч удзельнікаў: духавенства і вернікаў, сем’яў, афіцыйных дэлегацый з розных краін свету, палітычных і рэлігійных дзеячаў.
Кардынальскі берэт і адмысловы пярсцёнак з рук Святога Айца атрымалі 20 кардыналаў з чатырох кантынентаў.
Адзін з новапрызначаных кардыналаў, ксёндз Луіс Паскуаль Дры, 96-гадовы капуцын, які на працягу многіх гадоў спавядае ў санктуарыі Маці Божай Пампейскай у Буэнас-Айрэсе (Аргентына), не змог здзейсніць падарожжа: ён атрымае берэт з рук арцыбіскупа Буэнас-Айрэса.
Сённяшні кансісторый стаў ужо дзявятым падчас пантыфікату Папы Францішка. Кардынальскую годнасць на ім атрымалі арцыбіскуп Робэрт Фрэнсіс Прэвост, прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў; арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў; арцыбіскуп Віктар Мануэль Фэрнандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння; арцыбіскуп Эміль Поль Шэрыг, Апостальскі нунцый; арцыбіскуп Крыстоф Луі Іў Жорж П’ер, Апостальскі нунцый; арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала, Лацінскі Патрыярх Ерузалема; арцыбіскуп Кейптаўна Стывен Брыслін; арцыбіскуп Кордавы Анхэль Сісто Россі SI; арцыбіскуп Багаты Луіс Хасэ Руэда Апарысьё; арцыбіскуп Лодзі Гжэгаж Рысь; арцыбіскуп Джубы Стывен Эмэю Марцін Мула; арцыбіскуп Мадрыдскі Хасэ Коба Кана; арцыбіскуп-каад’ютар Таборы Пратасэ Ругамбуа; біскуп Пенанга Себасцьян Фрэнсіс; біскуп Ганконга Стывен Чоў Саў-Ян SI; біскуп Аяча Франсуа-Ксаў’е Бусціё; дапаможны біскуп Лісабона Амэрыку Мануэль Алвэш Агіяр; генеральны настаяцель салезіянаў Анхэль Фэрнандэс Арцімэ SDB.
Акрамя таго, у склад Калегіі кардыналаў увайшлі іншыя прадстаўнікі духавенства: арцыбіскуп Агасціно Маркэта, апостальскі нунцый; арцыбіскуп-эмерыт Куманы Дыега Рафаэль Падрон Санчэс; капуцын Луіс Паскуаль Дры, спаведнік у санктуарыі Маці Божай з Пампеі ў Буэнас-Айрэсе.
Цяпер Калегія кардыналаў налічвае 242 іерархі, 138 з якіх маюць права голасу на наступным канклаве.