Раніцай 16 чэрвеня Папа Францішак быў выпісаны з рымскай клінікі імя Агасціно Джэмэллі і ў інвалідным вазку ў суправаджэнні доктара Сэрджо Альф’еры, свайго хірурга, пакінуў шпіталь.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, адтуль Святы Айцец спачатку скіраваўся ў базыліку Святой Марыі Вялікай, каб памаліцца і падзякаваць Маці Божай.
У паведамленні адзначаецца, што гэта быў яго 108-ы візіт у гэтую Марыйную святыню Рыма, дзе знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай, вядомы пад тытулам Salus populi romani — збаўленне рымскага народа.
З усмешкай на твары Папа даў кароткія адказы на некалькі пытанняў. У сувязі з нядаўнім караблекрушэннем у Эгейскім моры, якое было прадметам аднаго з першых пытанняў, ён падкрэсліў сваё шкадаванне і смутак.
Журналісты спыталіся ў хірурга Альф’еры пра дынаміку выздараўлення Пантыфіка, на што той з доляй іроніі адказаў: «Але ён не выздараўлівае: ён ужо пачаў працаваць!»
Прафесар пацвердзіў, што аперацыя не перашкодзіць Папу Францішку здзейсніць падарожжы ў Лісабон на Сусветныя дні моладзі, а таксама ў Манголію напрыканцы жніўня.
«Наадварот, — падкрэсліў папскі лекар, — ён зможа справіцца з імі лепш, чым раней, таму што цяпер у яго больш не будзе дыскамфорту ад ранейшых праблем. Ён стане мацнейшым. <…> “Паўтараю, Папа ў парадку, ён адчувае сябе лепш, чым раней», — завяршыў сваю кароткую размову з прэсай хірург, які аперыраваў Святога Айца.
Vatican News нагадвае, што Пантыфік быў шпіталізаваны пасля агульнай аўдыенцыі, якую правёў 7 чэрвеня года на ватыканскай плошчы Святога Пятра. Медыкі прынялі рашэнне аб неабходнасці хірургічнага ўмяшання ў сувязі з наяўнасцю ў яго ўшчэмленай пасляаперацыйнай грыжы з балявымі сімптомамі. Папу Францішку была праведзена лапаратамія і пластыка брушнай сценкі пратэзамі. У 2022 годзе Святы Айцец перанёс аперацыю на кішачніку.