У другой палове дня 7 чэрвеня ў рымскай клініцы імя Агасціно Джэмэллі Папа Францішак перанёс аперацыю лапаратаміі на брушнай паражніне і пластыку брушнай сценкі пратэзам, якая «прайшла добра».
Пра гэта са спасылкай на Прэс-службу Святога Пасаду паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.
Па словах кіраўніка ватыканскай Прэс-службы Матэо Бруні, медыцынскі персанал, які сочыць за станам Святога Айца пасля аперацыі, паінфармаваў, што Папа правёў спакойную ноч і змог добра адпачыць. Яго агульны стан задавальняючы, ён у прытомнасці і сам дыхае.
На працягу мінулага дня Святы Айцец адпачываў і набіраўся сіл.
Яму паведамілі пра пажаданні выздараўлення, а таксама выразы любові і блізкасці, якія паступалі з усяго свету, і Папа Францішак выказаў за іх падзяку, а таксама папрасіў працягваць за яго маліцца.
Увечары 8 чэрвеня кіраўнік Прэс-службы зрабіў яшчэ адну заяву пра стан Пантыфіка пасля аперацыі. Спаслаўшыся на медыцынскі персанал клінікі імя Джэмэллі, Матэо Бруні паведаміў, што на працягу дня Святы Айцец харчаваўся на вадкай дыеце. Параметры кровазвароту і дыхання былі стабільнымі, пасляаперацыйнае аднаўленне праходзіць нармальна.
Ва ўрачыстасць Божага Цела, якая ў Касцёле адзначаецца ў чацвер пасля нядзелі Найсвяцейшай Тройцы, а ў Італіі і некаторых іншых краінах пераносіцца на наступную нядзелю, Папа Францішак прыняў Камунію.
З вялікай колькасці пажаданняў і выразаў блізкасці Святога Айца асабліва кранулі пачуцці сям’і маленькага Мігеля Анхэля, якога Папа сам ахрысціў 31 сакавіка падчас наведвання аддзялення дзіцячай анкалогіі і нейрахірургіі шпіталя. Яго родныя даслалі Святому Айцу плакат з пажаданнямі хутчэйшага выздараўлення. Святы Айцец пажадў асабіста падзякаваць маці дзіцяці ў кароткай тэлефоннай размове, адзначаецца ў паведамленні ватыканскай прэс-службы.