Пошук

05.05.2023 16:16   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: AFP

За тры месяцы да Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць сёлета з 1 па 6 жніўня ў Лісабоне, Папа Францішак звярнуўся з відэапасланнем да маладых людзей, якія возьмуць у іх удзел.

Як паведамляе Італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, невялікае відэа было запісана ў Доме святой Марты, дзе жыве Святы Айцец, дапаможным біскупам Лісабона Амэрыку Мануэлем Алвэшам Агіярам, якога Папа прыняў 27 красавіка.

«Уяўляю сабе, што можа быць у вашых думках: як гэта зрабіць, як атрымаць вызваленне на працы ці ў навучальнай установе, як знайсці неабходныя на дарогу сродкі… Шмат перажыванняў, але заўсёды з позіркам, скіраваным на гэты гарызонт, на гэтую надзею», — сказаў Папа.

«Удзел у Днях — прыгожая справа, і калі хтосьці гэта адчуе, жадае стаць удзельнікам гэтай падзеі. Падрыхтуйцеся з такім жаданнем, дадайце да гэтага надзею; надзею, бо на такіх Днях, як гэтыя, вельмі расцеш. Не заўважаем гэтага, але ўнутры нас застаюцца рэчы, застаюцца ўнутры каштоўнасці, якія мы адкрылі, адносіны, якія ўсталявалі з іншымі маладымі людзьмі з розных краін, сустрэчы… Усё застаецца ўнутры, і перадусім відаць сілу моладзі. Касцёл мае сілу моладзі. Таму ідзіце наперад», — заахвоціў Папа.

На заканчэнне Святы Айцец даў параду адносна таго, як лепш падрыхтавацца да СДМ.

«Перадусім адзін сакрэт: каб добра падрыхтавацца, варта паглядзець на свае карані, паспрабаваць сустрэцца са старэйшымі. Многія з вас маюць дзядуляў і бабуль, наведайце іх і запытайцеся: „А ў ваш час былі Дні моладзі?“ — „Не“, — дакладна адкажуць яны вам. „А што, на тваю думку, мне трэба зрабіць?“…

Паразмаўляйце крыху з дзядулямі і бабулямі. Яны дадуць вам мудрасць. А вы заўсёды ідзіце наперад. Буду чакаць вас у Лісабоне. Пакуль!» — сказаў на развітанне Папа Францішак.

Абноўлена 05.05.2023 16:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.