Пошук

04.04.2023 12:44   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: ilfaroonline.it

3 красавіка ў Ватыкане быў абнародаваны апостальскі ліст Папы Францішка ў форме motu proprio, якім былі ўнесены чарговыя змены ў Кодэкс кананічнага права, які датычыцца Касцёла лацінскага абраду, а таксама ў Кодэкс Усходніх Касцёлаў.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец змяніў умовы для апеляцыі члена інстытута кансэкраванага жыцця, якую той можа падаць пасля яго выдалення.

Цяпер кансэкраваная асоба, якая была выдалена з інстытута кансэкраванага жыцця, атрымлівае права апеляцыі, або рэкурса, на працягу не дзесяці дзён, як дагэтуль было вызначана канонам 700 Кодэкса кананічнага права, а трыццаці дзён, прычым без неабходнасці патрабаваць адмены або выпраўлення дэкрэта ад яго аўтара.

Пантыфік унёс змены таксама ў 501 канон Кодэкса Усходніх Касцёлаў: цяпер выдалены член манаскага інстытута можа звярнуцца з апеляцыяй на працягу тых жа трыццаці дзён, тады як дагэтуль на гэта было адведзена ўдвая менш часу.

У тлумачальнай частцы новага motu proprio гаворыцца аб асноўным прынцыпе Кодэкса кананічнага права, які аддае «прывілеяванае месца ў прававым парадку Касцёла» асобе і абароне яе правоў.

Гэта «становіцца актуальным перш за ўсё ў кантэксце самых далікатных падзей касцёльнага жыцця, такіх як працэдуры, якія датычацца юрыдычнага статусу асоб», — адзначаецца ў дакуменце.

Папа Францішак палічыў папярэднія нормы «недастатковымі для абароны правоў асобы». Устанаўленне новых тэрмінаў для апеляцыі павінна «дазволіць зацікаўленаму боку лепш ацаніць абвінавачванні, скіраваныя супраць яго, і атрымаць магчымасць выкарыстання больш прыдатных сродкаў камунікацыі», — лічыць заканадаўца.

Новыя кананічныя нормы пачнуць дзейнічаць з 7 мая 2023 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа