Пошук

01.04.2023 19:50   Vatican News
Фота Reuters

Раніцай 1 красавіка Папа Францішак быў выпісаны з рымскай клінікі імя Агасціно Джэмэллі.

Пра гэта са спасылкай на кіраўніка прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Перад тым, як пакінуць шпіталь, які з’яўляецца структурай медыцынскага факультэта Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, Святы Айцец прывітаў рэктара гэтай навучальнай установы Франко Анэллі і яго бліжэйшых супрацоўнікаў, а таксама Генеральнага дырэктара клінікі Марко Элефанці, Генеральнага касцёльнага асістэнта ўніверсітэта, монсеньёра Клаўдыё Джуліядоры, і медыкаў, якія дапамагалі яму ў гэтыя дні.

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду паінфармаваў, што, пакідаючы тэрыторыю клінікі, Папа выйшаў з аўтамабіля, каб прывітаць людзей, якія чакалі яго на вуліцы.

Ён абняў пару бацькоў, якія мінулай ноччу страцілі сваю пяцигадовую дачушку, памаліўшыся разам з імі.

Потым Папа Францішак скіраваўся ў рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе ў малітве перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani (Збаўленне рымскага народа) даверыў апецы Багародзіцы ўсіх дзяцей, якіх сустрэў учора ў аддзяленні дзіцячай анкалогіі і нейрахірургіі, а таксама ўсіх хворых і тых, хто пакутуе ад страты сваіх блізкіх, як паінфармаваў Матэо Бруні.

Святы Айцец знаходзіўся ў бальніцы імя Агасціно Джэмэллі з 29 сакавіка з прычыны рэспіраторнай інфекцыі.

Абноўлена 01.04.2023 19:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа